Цікаўныя чарапашкі
Казка навучэнцаў кінашколы “Тэрыторыя кіно”
Чарапашкам Галі і Мані сумна ў балоце. Іх выхавацелька, старая чарапаха Мар’яна, не дазваляла пакідаць родную твань. Аднаго разу пачулі яны: “Чарапашкі! Ідзіце на лясную палянку, там прыгожа! А ты, Мар’яна, баю-бай, засынай!..” Як толькі выхавацелька заснула, Галя і Маня паспяшалі на палянку. А там – вавёрка з букетам. Панюхалі чарапашкі кветкі. І тут жа вавёрка ў ведзьму ператварылася. Схапіла Галю з Маняй. У дупле высокага дуба схавала. Замок вялікі павесіла. Сама ж паляцела клікаць сясцёр: “Сёння ў мяне будзе шыкоўны суп з чарапах!” А каб вы ведалі, ведзьмы маладзелі, калі елі чарапахавы суп. Пачуў дзяцел крыкі Галі і Мані. Прабіў у дзвярах выхад. Аднёс чарапашак у балота. Ох, і насварылася ж выхавацелька! А што з ведзьмай? Дзяцел паскардзіўся на яе чараўніку-мядзведзю, і той назаўсёды ператварыў яе ў добрую вавёрку. Вось чаму вы цяпер ніколі не пабачыце, каб вавёркі заваблівалі на палянку юных чарапах і тым больш гатавалі з іх суп.
Вера САЛАГУБАВА, Арцём КУЦАКОНЬ, Караліна БУТКЕВІЧ, Дзіяна БУТКЕВІЧ, Тая ФЕАФАНАВА, Лера АНОП