Таямніцы нашага садка. Гісторыя восьмая: пра адзінокага прынца, мудрага рака і капрызлівую прынцэсу (працяг)
Частка другая
(частка першая ТУТ)
Не давалі дзеці спакою Кастусю. Патрабавалі працяг казкі. Нават дамоў ісці не хацелі.
– Што было далей з адзінокім прынцам і яго мудрым Ракам-Вусачом? Ці пераможа прынц чараўніка Гарр-Гундзеля? Ці зможа закахаць у сябе прынцэсу?
Уздыхнуў Кастусь і пачаў расказваць.
– Выправіліся прынц і Рак-Вусач у падарожжа. Скакалі-скакалі і ў месца балоцістае трапілі! А там – камень на дарозе. Яшчэ імгненне – і конь прынца зломіць ногі. Раптам камень знікае і нейчы голас кажа:
Бачыш, камень на дарозе,
Я прыму яго з дарогі,
Каб раптоўна конь твой дужы
Не скалечыў свае ногі!
З’явілася прыгожая дзяўчына.
– Хто ты, таямнічая незнаёмка? Дзякуй, што выратавала ад вернай гібелі! – сказаў прынц Кастусь.
Я – Карына! Адпачніце ў маім садзе.
У адно імгненне з-пад зямлі выраслі пальмы, ліяны, баабабы! Чаго толькі на іх не было! Бананы, ківі, вінаград, апельсіны, авакада, лімоны!
Слінку каўтануў прынц:
– З’есці хаця б апельсін…
– Яна зла нам жадае! – падказаў Рак-Вусач. – Трэба адсюль уцякаць. Паглядзіце, зусім недалёка Самотная Бярозка расце! Давайце лепш там адпачнем!
А Карына не адступае:
– Навошта слухаць рака? Я ўсе твае жаданні выканаю! – і нейкі дзіўны напой прапануе.
Шыпіць Рак-Вусач:
– Не верце ёй! Не верце!
Яшчэ секунда – і вып’е прынц атрутны кактэйль! Што рабіць? Тут пачуўся прарэзлівы свіст:
– Фію-ю-ю-ю-юць!!!
Гэта Рак-Вусач свіснуў.
Самотная Бярозка ў адказ зашапацела:
– Шапаця-ша-па-та! Шапаця-ша-па-та! Шапаця-ша-па-та!..
Як пачуў Рак-Вусач, пра што шапоча Бярозка, ледзь не пабялеў ад жаху.
Свіснуў яшчэ раз, у прынца рука з кубкам здрыганулася. Кактэйль на дзяўчыну праліўся. Закрычала яна. Замест рук у яе – крылы жудасныя выраслі. Замест ног – лапы з кіпцюрамі вострымі. Агнём сіня-зялёным ахапілася і попелам стала. Ускочылі прынц і Рак-Вусач на каня і што ёсць сілы паімчалі. А пальмы ажываюць і ў мурэн ператвараюцца. Ліяны гадзюкамі каралавымі становяцца, сыкаюць, атрутай плююцца. Прынц Кастусь мячом іх сячэ. У адно імгненне даімчалі да Самотнай Бярозкі.
Азірнуліся, а на месцы сада – ізноў балота!
– Хто? Х-х-хто яна такая?! – дрыжыць-заікаецца прынц.
– Родная сястра Гарр-Гундзеля гарпія Карына! – Адказаў Рак-Вусач. – Напой табе атрутны даць хацела, але сама ж ад яго загінула.
– Адкуль пра гэта даведаўся?
– Скажыце дзякуй Самотнай Бярозцы, якая ўсё мне расказала!
Здзівіўся прынц:
– Ты хіба разумееш мову дрэваў?
– Я – рак, а ракі разумеюць усё!
Ізноў зашапацела Бярозка.
– Яна кажа, – патлумачыў Рак-Вусач, – што скакаць у Каралеўства Дубоў яшчэ так далёка. Можам не паспець. Тады прынцэса Галька ператворыцца ў страшную цётку з лапамі, як ў ільвіцы, і крыламі, бы ў двухметровай вароны! Іншымі словамі, стане гарпіяй!
Спахмурнеў Кастусь:
– Што ж мне рабіць?
Зашумела Бярозка, і з’явіўся Вецер-Жартаўнік.
Танцуе, свішча, дзьме, Бесклапотную Хмарку прыгнаў, запытальна глядзіць на прынца Кастуся і Рака-Вусача.
– О, прынц! Чаго стаім? Скачыце на Хмарку!
І паляцелі на Бесклапотнай Хмарцы ў такое жаданае Каралеўства Дубоў…
Міканор ХОМАЧКА