Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
***
Мова наша напеўная.
Беларусы – спеўныя.
Песні маем на ўсе лады.
Гучалі раней ці не ў кожным двары,
ад зары да зары.
Цяпер мелодыі народныя
на радыё і ў тэлевізары гасцююць,
у Палацах і клубах святкуюць,
над душамі чаруюць.
Люблю наш край – старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце…
Сто гадоў гэтаму вершу
паэтэсы Канстанцыі Буйла,
а мелодыя, здаецца, сама ажыла
і песняй стала ўсенароднай.
Сямейныя песні вывелі да славы
сялянку Палесся Таццяну Лапаціну.
Яна стварыла Азершчынскі хор,
стала заслужаным дзеячом мастацтва.
А яе песні, як птушкі,
разляцеліся па ўсёй Беларусі.
Рускі кампазітар і спявак
Уладзімір Мулявін
дачыркнуўся да беларускіх напеваў,
і яго ансамбль “Песняры”
загучаў ва ўсім свеце.
Нашы песнятворцы з народа
ўславілі ў песнях
каліну, дожджык і рэчаньку,
у полі бярозу і дуб зеляненькі,
туман пры даліне і травачку-муравачку,
салавейку і перапёлку,
жавароначка і ночку цёмную…
Божа! Надзялі нашых дзяцей слыхам,
нашых гасцей жаданнем,
а нашым народным песням
надай касмічныя крылы.
Хай жа ўвесь свет пачуе
і пазайздросціць,
і натхніцца,
і раскадзіруе
тайну нашай геннай моцы:
Чаму ж мне не пець,
Чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы
Парадак ідзець?..
***
Мая Беларусь!
Ты ўмееш працаваць і святкаваць.
У кожнай сям’і, у любым паселішчы –
сваё адметнае свята.
У нашых Шоўкавічах гулялі Сёмуху –
пасля пасяўной, перад касавіцай.
З хат выграбалі смецце, пыл.
Выбельвалі печы, вышкрэбвалі падлогу.
Хаты зіхацелі, што валачобныя яйкі.
Прыбіралі двары, падмяталі сцежкі.
Галінкамі клёну аздаблялі іконы,
рамкі з фоткамі, вокны, брамы.
Гаспадыні кухарылі смакату:
калдуны з мясам, кручонікі з бульбы,
кісялі з суніцамі, наліснікі з мёдам…
Сталы гнуліся ад ласункаў,
у кожнай хаце – госці чаканыя,
з розных вёсак званыя.
Вечарам усе на вуліцу вывальвалі,
пачыналася агульнае братанне,
спевы і скокі аж да рання…
Традыцыя гуляць талакой
асвоена цяпер у межах краіны.
Купалле збірае гасцей у Александрыі.
Славянскі базар ладзіцца ў Віцебску.
Фестываль нацкультур прыжыўся ў Гродна.
Фальклорная “Берагіня” – у Акцябры.
Конкурс “Прыгажуня Палесся” – у Лельчыцах.
Цымбалісты аблюбавалі Паставы.
Мінск выбірае “Міс Беларусі”,
“Сям’ю года”, лепшы спектакль сезона.
У святах Беларусы шукаюць
залатыя іскрынкі народных талентаў.
А хто шукае – той знаходзіць!
Уладзімір ЛІПСКІ