Мой мілы Глуск…
Калі я была зусім маленькай, то вельмі любіла лета за тое, што прыязджала туды, дзе мая душа адпачывала, – у цудоўнае мястэчка Глуск. Тут нарадзіліся мае бацькі. З ім звязаныя мае самыя цёплыя ўспаміны дзяцінства.
Прачнешся ад спеваў птушак, а бабуля Маня ўжо гатовая пачаставаць дзівоснымі блінцамі… Прайшло шмат гадоў, а іх смак памятаю і цяпер. Здаецца, ніхто не валодаў такой мудрасцю, якую мела мая бабуля. Яна магла залагодзіць любую спрэчку, вельмі любіла дзяцей. Які ў яе быў цудоўны гарод, вясёлыя парасяткі, якіх я карміла, а ў двары раслі цудоўныя яблыні. Пройдзеш праз гарод – апынешся на рацэ Пціч, дзе адпачываюць пасля працы жыхары Глуска. Тут заўсёды весела, шумна і па-сапраўднаму цёпла.
З гадамі пачуццё пяшчоты і любові да гэтага слаўнага беларускага мястэчка толькі ўзмацняецца. Адчуваю лёгкі боль ад таго, што мала часу там пагасціла. Як жа не хапае ў тлумным і вялізным горадзе лагоднай паэзіі Глуска, таго адчування, калі ты яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, якая гуляе з бабуляй па выгане, пляце пацеркі з рабіны і верыць, што так будзе заўсёды.
Ганна ЛУКАШЭВІЧ