Ён быў аўтарам “Калыханкі”…
Эдуард Зарыцкі – выдатны беларускі кампазітар, даўні сябар нашага часопіса, член рэдкалегіі. Ніколі мы не бачылі яго пахмурным, сумным ці раздражнёным. Пры любых варунках ён захоўваў сонечны настрой, натхняў іншых.
На жаль, у мінулым месяцы Эдуарда Барысавіча не стала.
Ён з аднолькавым творчым імпэтам пісаў сімфанічную музыку, творы для кіно, тэатра, тэлебачання. Але асабліва ярка праявіў сябе ў эстрадным мастацтве. Многія песні кампазітара – “Мара Скарыны”, “Замова”, “Белыя крылы” – сталі класічнымі.
Трэба было бачыць, з якой непадманнай любоўю Эдуард Барысавіч успамінаў пра сваё творчае сяброўства з паэтамі Сяргеем Грахоўскім, Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным, Леанідам Дранько-Майсюком. “Я натхняюся той лёгкасцю і музычнасцю, якая ёсць у іх вершах. Для мяне вялікае шчасце, калі чароўная энергетыка беларускай мовы атрымоўвае сваё выяўленне ў нотах”.
Шмат увагі Эдуард Зарыцкі ўдзяляў дзіцячай творчасці. Не было таго беларускага музычнага конкурсу, фестывалю (у тым ліку і “Вясёлкі”), дзе б ні прысутнічаў кампазітар, як сябра альбо старшыня журы. Яго “Калыханка” – адзін з самых любімых твораў маленькіх слухачоў.
Нам будзе вельмі не хапаць гэтага цудоўнага, яркага, непаўторнага чалавека.
Вясёлкаўцы