Сонечны чалавек
У гэтым пераканалася яшчэ раз, калі дзесьці напрыканцы чэрвеня ўключыла тэлевізар, каб паглядзець “навіны” і тут жа на экране ўзнік натхнёны, радасна ўсхваляваны Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі з Васем Вясёлкіным у руках. Ён са звыклым яму захапленнем разказваў пра нязменна любімы дзятвою часопіс “Вясёлка”, які ён узначальвае вось ужо сорак гадоў. “Як жа гэта цудоўна, што ў “Навінах” “паказваюць гэты сюжэт”, – падумалася мне, – “з якой нагоды?” І тут жа атрымала адказ: дыктар распавёў, што ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка віншаваў выбітных людзей з дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сярод узнагароджаных быў і Уладзімір Сцяпанавіч – яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”.
За сваю плённую творчую працу, якая вымяраецца дзесяткамі і дзесяткамі самых розных кніг, пісьменнік у свой час атрымаў Дзяржаўную прэмію. А за яго вялікае сэрца, за адданае шчыраванне ў Беларускім дзіцячым фондзе, які ён узначальвае шмат гадоў, яму была ўручана міжнародная прэмія імя Альберта Швейцара “За бескарыслівую дзейнасць у духу чалавекалюбства і гуманнасці”. І вось яшчэ адна знакавая ўзнагарода, цяпер ужо на ніве культуры, дзе Заслужаны дзеяч трэба разумець, як Асветнік. Іншымі словамі, Чалавек, які сваім адметным талентам, сваёй штодзённай грамадскай дзейнасцю, ведамі як бы асвячае ўсё наўкол.. Так, Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі – сонечны Чалавек і ён дорыць людзям, а найперш дзецям Сонца, сонейка сваёй душы, свайго сэрца, свайго глыбокага, непаўторнага таленту.
Раіса БАРАВІКОВА, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі