Жабкі з роднага балота
Шчасце
Жабка рабіла прыгожыя здымкі,
Вядома ж, рабіла ўлетку, не ўзімку.
На здымках былі – балота і неба,
А болей для шчасця жабцы не трэба.
Сум
Жабка вельмі сумавала:
Не прыйшла ёй тэлеграма:
Слоў балотных так чакала,
А найболей –“ква” ад мамы.
Радасць
Жабка-праграмістка скача –
Вось дык сёння ёй удача.
Атрымала за праграму
Камароў два кілаграмы.
Мара
Жабка глядзела ўночы на зоркі,
Марыла быць вядомай акторкай.
Знічка ляцела з ёй на сустрэчу.
Гэта сустрэча вельмі дарэчы.
Змена
Плыве апалонік –
Чорны балонік.
А яго хвост –
Да жабкі мост.
Слухачка
Каля гарлачыка белага
Спявала пра рыцара смелага
Жабка пад аблачынкай.
Заслухалася дзяўчынка.
Дапамога
Жабка скочыла ў яму вялікую.
Крумкае, квакае, мамачку клікае.
Зміцер залез у яму таксама:
“Дапамагу, каб не плакала мама!”
Маляванне
Жабцы сказалі: “Малюй балота!”
А ёй было маляваць неахвота.
І, каб зусім не ўпасці ў скруху,
Размалявала жабка муху.
Жабка грае на гітары,
Гэта былі яе мары.
Гурт “Камарыкі” назвала,
Пра смакоцце заспявала.
Прыгажосць
Жабка вышывала ўзоры,
Аздабляла дачцэ ўборы.
Дачка дачцэ шыла таксама,
Гэтак робіць кожная мама.
Каралева
Скачуць жабкі ў даўжыню,
Скачуць жабкі ў вышыню.
Скок – управа, скок – улева.
Жабка – скокаў каралева.
Хор
Жабка спявала ў дзіцячым хоры.
Хор выступаць паехаў да мора.
Песні былі пра любоў і балота,
Сэрца кранала кожная нота.
Футбол
Жабяняткі гулялі ў водны футбол,
Кожная каманда забіла сабе гол.
Гэтак рагаталі моцна гледачы,
Што ўсе ад рогату пападалі ў карчы.
Доктар
Жабка не скача – параніла лапку.
Скача і тата, і мама, і бабка.
Доктар зялёны падскочыў сур’ёзна –
Можа скакаць жабяня віртуозна.
Адвага
Дождж ішоў, і дажджаня,
І сустрэлі жабяня.
А яму зусім не страшна,
Будзь і ты такім адважным.
Сяброўства
Буся з жабянём сябруе
На яго ён не палюе.
А бярэ ласкава ў дзюбу,
І клякоча: “Ты мой любы!”
Аксана СПРЫНЧАН
Альжбэта МАЛІШЭЎСКАЯ-СПРЫНЧАН