Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
У цэнтры Мінска,
у сэрцы сталіцы –
Востраў Слёз на Свіслачы.
На адным з яго камянёў
напісана незагойным шрамам:
“Каб зла не было
ні на сваёй, ні на чужой зямлі”.
Беларусы нахлябаліся войнаў,
гвалту, крыві, здзекаў.
Мы хочам жыць у міры
з усімі народамі свету.
Мы хочам, каб нашы Дзеці
спаўна раскрылі таленты,
каб убачылі сваю Беларусь
на покуце багатых краін,
каб не ведалі ваенных віхур.
Дык вось жа чаму
амаль ва ўсіх паселішчах,
на ўсіх дарогах і скрыжаваннях
вісяць маляўнічыя краявіды
з надпісам на сэрцы –
“Я люблю Беларусь!”
І гэты покліч-прызнанне
выклікае на споведзь,
як паэта Алега Лойку:
Не сорамна любіць да слёз,
Лічыць твой боль і ўзлёт сваімі
І дзякаваць табе, мой лёс,
Што даў спазнаць цябе, Радзіма.
***
Мая Беларусь!
Ты крынічная краіна.
Куды б не вандраваў,
сустрэнеш жаданую крынічку.
Жвавы, прахалодны фантанчык
нястомна выцякае з-пад зямлі.
Наталіся, страціўшы сілы.
Прагані смагу разамлелы.
Абнадзейся захварэлы.
Павер у гаючасць крынічкі,
хто завітаў да яе.
І ведай, падарожнік,
крынічкі бадзёраць не толькі цябе.
Яны даюць жыццё
ручаям, рэкам, іх прытокам,
жывяць азёры, балоты, сажалкі.
Магутная рака Нёман
пачынаецца з крынічкі на Уздзеншчыне.
Адсюль набіраецца сілы, моцы,
разгону на 937 кіламетраў.
Яе водныя хвалі даплываюць
ажно да Балтыйскага мора.
Наша старажытная Бярэзіна
нарадзілася з Докшыцкай крынічкі.
На даўжыні 613 кіламетраў
увабрала ў сябе рэкі –
Гайну, Плісу, Ушу, Усу, Свіслач,
Сху, Бобр, Кляву, Ольсу, Алу.
І ўпала натхнёная ў абдымкі Дняпра
каля старажытнага мястэчка Горваль.
Разам праплылі 700 кіламетраў па Беларусі,
выйшлі на спатканне з Чорным морам.
Падумаць толькі,
беларускія крынічкі падхарчоўваюць
Балтыйскае і Чорнае моры.
А яшчэ нашы крыніцы
сталі радовішчамі мінеральных вод
у Мінску, Бабруйску, Барысаве,
Магілёве, Рэчыцы, Оршы, Гомелі,
Віцебску, Мазыры, Калінкавічах…
Беражыма чысцейшы дар прыроды!
Уладзімір ЛІПСКІ
Дарагі дружа! На старонках нашага часопіса друкуецца аповесць-споведзь Уладзіміра Ліпскага “Мая Беларусь”. Гэты незвычайны твор напоўнены любоўю да роднай мовы, слаўнай мінуўшчыны роднага краю. У выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” рыхтуецца поўнае выданне аповесці. Чароўныя ілюстрацыі мастака Віталя Дударэнкі робяць выданне сапраўднай аздобай сямейнай бібліятэкі. Не прапусці гэту цудоўную кнігу.
Прымаюцца папярэднія заяўкі ў выглядзе гарантыйных лістоў (колькасць асобнікаў, рэквізіты ўстановы адукацыі, подпіс кіраўніка). Адрас: 220070, г. Мінск, вул. Будзённага, 21, e-mail: marketing@aiv.by, факс: (017) 297-93-22. www.aiv.by