Каму ўсміхалася Марынка
Сонейка зазірнула ў акенца, убачыла Марынку і пяшчотна паказытала яе сваімі промнямі:
“Уставай, дзяўчынка, пойдзем са мною гуляць!”
“Ой, я цяпер не магу. Мне ў дзіцячы сад трэба”, – занепакоілася Марынка.
“У сад яшчэ рана, – сказала сонейка. – Я само толькі што ўстала”.
“А як жа мама з татам, ці дазволяць?”
“Яны спяць яшчэ. А мы пагуляем і вернемся”.
“Я згодна, пойдзем”, – сказала Марынка.
Сонейка падхапіла яе рукамі-промнямі і панесла па небе.
Ніколі яшчэ Марынка не бачыла такім свой горад. Дамы з вышыні былі нібы маленькія кубікі, вуліцы – тоненькія рыскі, а машыны нагадвалі жукоў…
“Які прыгожы наш горад!” – крыкнула Марынка.
“Чакай, яшчэ не такое ўбачыш”, – адказала сонейка.
“Ой, які банцік вялізны!.. Ды развязаны…” – зноў дзівіцца дзяўчынка.
“Гэта ж рака”, – растлумачыла сонейка.
Пасля ляцелі над лесам. Нібы кучаравы зялёны дыван, шырока разаслаўся ён па зямлі. Такой прыгажосці Марынка яшчэ не бачыла.
“Пагуляй на лясной палянцы, – сказала сонейка, – а я тым часам палячу другіх дзяцей пабуджу”.
“Добра”, – згадзілася Марынка.
Як хораша раніцай на лясной паляне! На кожнай травінцы – серабрыстыя кропелькі расы. Матылькі лятаюць. Гудуць пчолкі і чмялі. Па сцяжынцы бегаюць мурашы-працаўнікі.
Сядзіць Марынка каля зялёнага куста і любуецца. Раптам нешта як затрашчыць у гушчары, як зараве!
“Гэ-га! У-ух!”
Марынка спалохалася, прытулілася да куста. А сонейка далёка-далёка, за цёмнай хмарай будзіць дзяцей.
Глядзіць дзяўчынка і вачам сваім не верыць – на паляну выходзіць самы сапраўдны мядзведзь. Калматы. Вялізны. Трасе галавой і раве:
“Я воўка па носе пстрыкнуў. Лісе на хвост наступіў. Дзіка з паляны прагнаў. Хто жадае са мной падужацца?”
“Давай са мной паборамся, хвалько”, – пачуўся тоненькі галасок.
На сцяжынку выбег мураш і ваяўніча стаў насупраць мядзведзя. Ва ўсім чырвоным, туга падпяразаны раменьчыкам, з вострай хваёвай іголкай у лапках.
Мядзведзь прыпыніўся. Прысеў. Прыклаў лапу да вачэй і пачаў углядацца ўніз: хто гэта такі адважны.
“Хто ты?” – пытаецца.
“Я – мураш”.
Мядзведзь зароў-зарагатаў:
“Ха-ха-ха, ха-ха-ха!”
Ён ажно паваліўся ад смеху на траву і пачаў качацца. Качаўся, качаўся і ўваліўся ў яму. Валтузіцца там, а вылезці не можа. Тут падскочыў мураш, а з ім цэлае мурашынае войска. Закідалі мядзведзя хваёвымі іголкамі. Адзін нос з-пад іх тырчыць. Прыляцелі мухі – кусалі мядзведзя за нос. Прыбеглі вавёркі – кідалі ў яго шышкамі. Прыскакалі конікі – смяяліся з хвалька…
Пасмялела і Марынка. Вылезла са сваёй схованкі.
“Ой, не кусайце мяне, ой, не смейцеся. Ой, пусціце мяне жывога! – пачаў прасіцца мядзведзь. – Я больш нікога чапаць не буду!”
Паверылі ўсе яму. Дапамаглі нават вылезці з ямы.
Тут вярнулася з далёкага падарожжа сонейка. Падхапіла Марынку, прынесла яе домоў і паклала ў пасцель.
Мама і тата ўжо не спалі. Яны ўбачылі, як спрасонку ўсміхаецца іх дачка, і спыталі:
– Каму гэта ты, дачушка, усміхаешся ў сне?
– Сонейку і лясным жыхарам, — адказала Марынка. Падумала і дадала: – Цяпер я ніколі і нічога не буду баяцца.
Уладзімір ЛІПСКІ