Новая песня
Мае прыгоды
Цікава жыць каля рэчкі. Асабліва, калі ты жабка. Адным з такіх шчасліўчыкаў і была Квака. Але заўсёды ёй нечага не хапала. Здаецца, еш сабе мошак, скачы па вадзе, жыві ды радуйся. Наша жабка так і рабіла, пакуль не сустрэла прыгожую птушачку. І прывабная яна была не толькі звонку, але і голасам. Каля рэчкі гучаў своеасаблівы хор, дзе кожны вёў сваю ноту.
Квака слухала, слухала і, нарэшце, вырашыла:
– А чым я горшая?
Яна адкрыла шырэй рот. О, што гэта была за арыя! Так гучна яшчэ ніводная жабка не квакала. Але чамусьці разляцеліся камарыкі і мушкі, схілілі свае галоўкі кветкі, спалохаліся і пахаваліся рыбкі.
Птушачка перастала спяваць.
– Спадарыня, – звярнулася яна да жабкі, – вы не маглі б цішэй?
– Чаму мяне ніхто не слухае? Хіба я не спявачка? – заплакала Квака.
– Кожны сваю песню мае. Нават рыбка. Ты – квакаеш. І гэта таксама прыгожа, – казала мудрая птушачка. – Толькі прыгажосць песні не ў сіле голаса. Трэба яшчэ пачуць тых, хто вакол цябе. Далучайся да нашага дружнага хору!
Квака больш не плакала. Яна знайшла новых сяброў. Радасныя, разам заспявалі птушачкі і жабка. Зноў вылезлі з-пад лісцікаў камарыкі і мушкі, у такт песні зазвінелі крыльцамі стракозы, рачныя кветкі затанцавалі, прыцішыла свае хвалі рака, заплёскаліся ў ёй рыбкі.
Над рэчкай загучала новая песня…
Ангеліна ВЕТЛАВА, 5 клас, СШ в. Маркава