Працяг апавесці-споведзі «Мая Беларусь»
У нашых казках шмат ваяроў –
Вярнідуб, Волат, Асілак, Ламікамень.
Ёсць, безумоўна, чорт і ваўкалак,
ашуканец і вядзьмак…
Але ж Беларусы ды іх буські-дзеткі
раўняюцца на герояў моцных,
заступнікаў верных,
абаронцаў надзейных.
Таму і вымольвае наша зямля
волатаў і асілкаў,
якім пад сілу
камяні ламаць, дубы выварочваць.
Барыс Коўзан у вайну
збіў 28 самалётаў,
адзіны ў свеце лётчык,
які тараніў чатыры варожыя самалёты.
Партызанскі разведчык Марат Казей
у свае трынаццаць гадоў
стаў Героем Савецкага Саюза.
Васіль Купрэвіч ад настаўніка
ўзвысіўся да прэзідэнта Акадэміі навук,
слыннага біёлага свету.
Саша Гушча трапіла ў пажар.
Яе выхапілі з полымя абвугленай.
А яна захацела жыць.
Медыкі нарасцілі ёй валосікі,
з рабрынкі зрабілі носік.
Дзяўчынка ўзмужнела,
паверыла ў сябе.
Закончыла лінгвістычны інстытут.
Працуе ў камп’ютэрнай фірме.
Куксамі намалявала Ісуса.
Дык вось якія слаўныя ваяры
нашы сучасныя Беларусы!
***
Мая Беларусь!
Ты назапасіла мора
Калыханак для сваіх Дзяцей.
Яны – падушка для немаўлят.
Яны – крынічка напеўных слоў.
Яны – люлянка ад нягод.
Яны – казачны конь-агонь,
які ў снах і наяве
акрыляе нашых спадчыннікаў.
Сваю калыханку склала
ці не кожная мама.
Сваю калыханку напісаў
ці не кожны паэт Беларусі.
Люлі – люлі, а – а – а, –
Шэпча росная трава,
Баю – бай спявае слон
І вядзе ў дзівосны сон,
На пуховыя падушкі
І ў краіну райскай птушкі…
Паэт Сяргей Грахоўскі
Заманьвае дзятву ў дзівосны сон.
А самі нашы Дзеці
жывуць у краіне Беларусь,
якую мусяць зрабіць райскай.
Няхай жа маміны калыханкі
на роднай мове
ўзвысяць нашых Дзяцей
да той любові к Айчыне,
якая зробіць іх
годнымі людзьмі на ўсе вякі.
Няхай маміна любоў
надасць мужнасці Дзецям
ніколі, нідзе, ні ў чым
не здраджваць Беларусі.
***
Старажытны, загадкавы, слынны Тураў –
сёння звычайны гарпасёлак на Палессі.
Як і даўней, тут працякае Прыпяць,
жывуць і працуюць людзі.
Але слава Турава, яго гісторыя
павінны яшчэ адкрыцца.
І тады Беларусь займее такія
старонкі сваёй біяграфіі,
якія здзівяць свет.
Але дзіва ўжо тое, што ведаем.
У “Аповесці мінулых гадоў”
(980 год нашай эры), чытаем:
“…Рогволод перешел
із заморья и мяше волость свою
Полотьске, а Тур Турове,
ят него же и Туровцы прозваша…”
І ўзнікае першае загадка:
Полацк ці Тураў –
калыска беларушчыны,
скарбонка звычаяў, абрадаў,
асветы, кніжніцтва?
Выяўлена “Тураўскае евангелле” –
адзін з найбольш ранніх
помнікаў славянскай пісьменнасці.
Сваіх адкрыццяў чакаюць
Тураўскія замак і вежа,
сотні тураўскіх храмаў.
Тураўская праваслаўная епархія –
адна з першых на Русі.
Нам сталі даступнымі некаторыя
казанні, прытчы, каноны, малітвы
Кірылы Тураўскага (1130 – 1182гг.),
нашага велічнага асветніка,
другога Залатавуста,
царкоўніка і пісьменніка.
Вось як ён жывапісна малюе
вясновае абнаўленне,
параўноўвае яго з гімнам Творцу:
“Ныне солнце красуяся,
к высоте восходить и, радуяся,
землю ограваеть…
Днесь весна красуеться,
оживлявши земное естество,
и бурни ветри, тихо повевающе,
плоды гобозують, і земля семена питающее
зеленую траву рождаеть…”
Памолімся ў памяць Кірылы Тураўскага,
як ён маліўся за нашу Айчыну.
Уладзімір ЛІПСКІ