Певень-вартаўнік
Среда, 30.05.2018 11:00. Рубрика: Вершы
Дом сабака сцеражэ.
Чуйна вушкамі стрыжэ.
Каля дома хто прачэша,
Ён аж зойдзецца – забрэша.
А тут – певень! Каля плоту –
Быццам робіць ён работу
Непрыкметна ў агародзе.
Ды няхай хто побач пройдзе –
Выпускае певень шпоры –
І на плечы без разбору.
Ці малы ты, ці стары –
Б’юць балюча кіпцюры…
Цёмным ранкам бабка Ала
Пеўня з седала сагнала.
Певень бабку не пазнаў,
Кіпцюрамі бабцы даў.
Уладзімір КАРЫЗНА