Вынікі вясновых вандровак «Вясёлкі»
Студэнты Педагагічнага універсітэта факультэта пачатковых класаў паказалі спектакль паводле аповесці-споведзі Уладзіміра Ліпскага “Мая Беларусь”.
***
У гімназіі № 3 горада Барысава праведзена акцыя “Пісьменнікі – дзецям”. У яркай, інтэрактыўнай форме пра новае і захапляльнае ў беларускай літаратуры распавялі юным удзельнікам героі часопісаў “Вясёлка” і “Буся” – Вася Вясёлкін, Грошык і Буся.
***
Наша рэдакцыя разам з пісьменнікам Ганадам Чарказянам здзейсніла падарожжа па Смалявіцкаму раёну. Дзеці з аграгарадкоў Забалоцце, Усяж і Кастрычніцкі пазнаёміліся з апошнімі праектамі “Вясёлкі” і “Бусі”. Навучэнцы Усяжскай сярэдняй адукацыйнай школы супольна з літаратурным рэдактарам “Вясёлкі” Васілём Дранько-Майсюком прыдумалі цудоўную казку, якая друкуецца ў гэтым нумары.
***
Самыя маленькія чытачы – выхаванцы дзіцячых садкоў Салігорска віталі галоўнага героя кніжак Раісы Баравіковай і Уладзіміра Ліпскага “Бусева школка. Казкі” і “Пра Бусю, які жыве на Беларусі”. На сустрэчу яны прынеслі ілюстрацыі да кніжак.
***
“Вясёлка” мела свой стэнд на майскай выстаўцы газет і часопісаў Беларусі. Сярод мерапрыемстваў выстаўкі – самае значнае – уручэнне ўзнагарод пераможцаў Нацыянальнага конкурса “Залатая Ліцера”. Лаўрэатам стала намеснік галоўнага рэдактара Анастасія Радзікевіч за праект “Дзеці – у шэдэўрах мастацтва”.
Вася ВЯСЁЛКІН