Слухаю майскае ранне…
Слухаю майскае ранне.
Песня ў кожным кусце.
Пад гулкае кукаванне
Лісце шырэе, расце.
Блакіт ператканы праменнем,
Не бачна хмурын-аблачын.
Май – ён маё нараджэнне, –
Зязюльчыных песень зачын.
Праменіцца кожнай лісцінцы –
Майскага росту краса!
І коціцца па травінцы
Расінка, як шчасця сляза.
Юрась СВІРКА
1982 г.
Юрась СВІРКА (6 мая 1933 – 31 жніўня 2010) – беларускі паэт, перакладчык. Больш за ўсё любіў уцякаць з тлумнага горада на прыроду. Толькі ў цішыні, дзе няма аўтамабільнага гулу, які паэта вельмі раздражняў, па-сапраўднаму добра працавалася. Менавіта там, на прыродзе, былі складзены такія цудоўныя радкі: “Ліў цёплы дождж. / Пярун страляў, / Ажно глушыў зямлю старую. / І думалася, што зямля / Дажджу ніколі не даруе”.
Сярод напісанага асабліва вылучаюцца кнігі “Крэўнасць” (1971 г.), “Аўтограф” (1974 г.), “Мурашыны стажок” (2004 г.).