Школьныя парады. Частка шостая: як навучыцца казаць “НЕ”
Часта бывае, прапануюць тое, што рабіць не хочацца. Напрыклад, клічуць у кіно, якое нецікавае, запрашаюць на канцэрт, а слухаць няма ахвоты, просяць з’есці рыбную катлету, а ты гэтыя катлеты нават у страшным сне не паспытаў бы.
І прапануюць гэта зазвычай блізкія людзі, якім так цяжка сказаць “не”, бо вельмі лёгка пакрыўдзіць.
Што рабіць? Як навучыцца правільна адмаўляцца?
1. Пакажы, што зараз заняты больш важнай справай.
Напрыклад, кліча твой сябар-каратыст па дваццатаму разу перагледзець фільм “Уваходзіць Дракон” з Брусам Лі, а ты яму: “Выбачай,
але трэба па беларускай літаратуры вывучыць верш-казку Уладзіміра Дубоўкі “Мілавіца”, пасля табе ж, як настаўніца выкліча, падказваць буду”. Таварыш падзякуе і адчэпіцца.
2. Выкарыстоўвай фразу “Я б хацеў дапамагчы, але не магу гэта зрабіць зараз”.
Запрашае цябе крыўдлівая аднакласніца пагуляць у кампьютарныя гульні, ад якіх у цябе ўжо вочы баляць, а ты скажы з такім важным выглядам: “Не магу. Выбіраю для бабулі на дзень нараджэння па інтэрнэту новы айфон. Хачу зрабіць сюпрыз”. Дзяўчынка ацэніць твой клопат, і яна не будзе крыўдзіцца.
3. Упэўнена скажы “НЕ” без ніякіх тлумачэнняў.
Калі адчуваеш, што ад цябе патрабуюць чаго-небудзь нахабнага. Напрыклад: гультай Сцёпка ўсімі праўдамі і няпраўдамі ўпрошвае падзяжурыць чарговы раз замест яго ў класе. Падазроны тып на вуліцы просіць пазычыць “на хвілінку” далькажык (мабільны). У такіх выпадках нічога не тлумач, а ўпэўнена скажы “не”. На твары пры гэтым не павінна быць ніякіх негатыўных эмоцый. Толькі спакой. Гэта абяззбройвае. Праверана.
Дзяўчынка, якая табе падабаецца, хоча пакатацца з табой на коле агляду, а ў цябе ад вышыні кружыцца галава. Што рабіць? Прапануй пакатацца адной, а ты за гэты час падрыхтуеш для яе сюрпрыз (збегаеш за кветкамі, складзеш прысвечаны ёй вершык, здымеш на айфон, як яна шыкоўна глядзіцца ў нябёсах). Заінтрыгаваная дзяўчынка пагодзіцца, бо ёй будзе вельмі цікава, што такога яе будзе чакаць незвычайнага.
Галоўнае, запомні – уменне казаць “не” ні ў якім разе не распаўсюджваецца на просьбы мамы і таты, дапамогу бабулі і дзядулі, на тое, каб своечасова рабіць урокі.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК