Не хапіла
Пятница, 18.05.2018 12:07. Рубрика: Вершы
Прыляцелі – шум які! –
зноўку з выраю шпакі.
Праз чатыры, можа, хвілі
ўсе шпакоўні расхапілі.
Расхапілі, разабралі,
засвісталі па чарзе,
засвісталі,
ды не ўсе.
Змоўклі
два шпакі ў адчаі:
“Нам вось хаткі не хапае…”
– Не хапае!
– Не хапае! –
чарада шпакоў гукае.
Чутка вуліцай бяжыць:
– Двум шпакам няма дзе жыць!
Непрыемнасць у дзяцей:
– Падвялі сваіх гасцей.
Хаткі цёплай не ўручылі –
як жа так не разлічылі…
Пэўна, трэба ў дні такія
мець шпакоўні запасныя…
Закрычалі хлапчукі:
– Не гаруйце, два шпакі!
Стукнем, грукнем па фанеры –
атрымаеце кватэру!
Будзе ў ёй усё, што трэба:
жоўты дах, акенца ў неба.
Мар’ян ДУКСА