Палахлівая кошачка
П’еса-казка
Палахлівая дзяўчынка ў стаматолага
ДОКТАР. Не бойся. Ты проста як мая кошачка!..
ДЗЯЎЧЫНКА. А чаму?
ДОКТАР. Было гарачае лета. Але кошачка не выходзіла на двор.
ДЗЯЎЧЫНКА. А чаму?
ДОКТАР. Баялася вялізнага сенбернара, які запускаў там паветранага змея.
ДОКТАР. Восенню кошачка падышла да акна – і адразу ж назад.
ДЗЯЎЧЫНКА. А чаму?
ДОКТАР. Бо вялізны сенбернар куляўся ў лісці.
ДОКТАР. Зімой кошачка не вылазіла з-пад канапы.
ДЗЯЎЧЫНКА. А чаму?
ДОКТАР. Бо пад нашымі вокнамі сенбернар ляпіў велікана-снегавіка.
ДОКТАР. Вясной сенбернар майстраваў шпакоўні, і ўсе ў двары яму памагалі, акрамя кошачкі.
ДЗЯЎЧЫНКА. А чаму?
ДОКТАР. Ад страху не злазіла з маіх плячэй.
ДОКТАР. Прыйшло зноў лета. Сенбернара ў двары не было. Паглядзела кошачка: на шпакоўні ціўкае птушанятка. Захацела ўхапіць – і паляцела на дол. А тут з-за вугла сенбернар як выскачыў – і выратаваў кошачку. Заплакала яна.
ДЗЯЎЧЫНКА. А чаму?
ДОКТАР. Дакарала сябе, што цэлы год баялася такога цудоўнага сабаку. Ну што, будзем лячыць зубкі?
ДЗЯЎЧЫНКА. Ага!
Люба РУСІНАВА