Буквар. Таямніцы 4-х стагоддзяў
Сумесны праект часопіса “Вясёлка” і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
4-га снежня 1679 г. Пятру І на яго 7-годдзе быў уручаны незвычайны падарунак. Гэта быў…
Буквар, напісаны беларусам
Хто гэты таямнічы беларус, які зрабіў такі падарунак? СІМЯОН ПОЛАЦКІ.
Сімяон Полацкі — знакаміты асветнік-беларус, які быў настаўнікам царскіх дзяцей, у тым ліку Пятра І. Яго Буквар стаў настольнай кнігай для царэвіча. Менавіта Сімяон Полацкі і яго Буквар абудзілі цікавасць юнага Пятра да еўрапейскай навукі.
Чаму гэты Буквар не падабаўся маскоўскім духоўным асобам?
1. Яны зайздросцілі. Бо менавіта Буквар беларуса стаў самым лепшым маскоўскім выданнем для пачатковага навучання грамаце ў свой час.
2. Яны злаваліся. Наш асветнік меў смеласць парушыць манаполію Маскоўскага друкарскага двара, падкантрольнага патрыярху і цару. Усе кнігі ў Масковіі тады выдаваліся толькі ў гэтай кнігарні, а Буквар Полацкага выдала зусім іншая Верхняя друкарня.
Адна з асаблівасцей Буквара:
Сімяон Полацкі змясціў у ім уласныя вершаваныя настаўленні. Буквар пачынаецца вершаванай “Прадмовай да юнакоў, якія жадаюць вучыцца”:
Юнак малады, з маленства вучыся,
Літары ведай, да ведаў імкніся!
Ляноту гані і рупліва працуй,
Праз тое шмат плёну ў жыцці заваюй.
Хоць часам вучыцца бывае нялёгка,
Але плён навукі – які ж ён салодкі!
Той, хто з юнацтва дбайна працуе,
У веку старэчым пра лёс не гаруе.
Самы ж шчаслівы – хто кнігі чытае,
Бо мудрасць продкаў глыбока спазнае.
Пераклад Алеся Сушы
У царкоўнаславянскай мове многія словы раней пісаліся ў скарочанай форме. Пры гэтым над словам звычайна ставіўся знак ҃ (“цітла”). Школьнікі ў XVII ст. павінны былі правільна скарачаць словы.
Б҃гъ – Богъ – Бог
д҃ша – дɣша – душа
д҃нь – день – дзень
м҃ти – мати – маці
н҃бо – небо – неба
с҃нъ – сынъ – сын
срдце – сердце – сэрца
ц҃рь – царь – цар
члв҃къ – человекъ – чалавек