Пра ката Васіля, бліны і тры сцяжынкі
Мае прыгоды
Жыў у мяне кот Васіль. Больш за ўсё на свеце любіў ён пячы блінцы.
Аднаго ранку прачнуўся я і бачу, што Васіля нідзе няма. Знік.
– Няўжо Васіль мяне кінуў! – у роспачы я тупнуў. Адразу адчуў, што ў нейкую яму праваліўся. Перада мной – тры сцяжынкі. Я пайшоў па левай. Іду-іду, вось, здаецца, нешта цікавае ўбачу, а яна мяне завяла ў тупік, завешаны нудным павуціннем. Пайшоў па сярэдняй. Бачу жукоў-насарогаў, якія рок-канцэрт ладзяць. Скачуць, дурэюць. Не хацеў ім замінаць і збочыў на правую сцяжынку. Крыху прайшоў, і проста перада мной з’явіўся дом – прыгожы, як сапраўдны музей: шмат карцін там цудоўных вісіць. У адным з пакояў сядзіць хітры чалавечак, зроблены з перніка.
– Дзе мой кот Васіль? – пытаю ў яго.
Ён паказаў на маленькую шчыліну, з мезенец шырынёй. Неяк праціснуўся я ў яе. І апынуўся… дома, на сваёй кухні. Кот Васіль ля патэльні завіхаецца, бліны пячэ, кліча:
– Максім, ідзі хутчэй, частуйся, пакуль не астылі!
Я пагадзіўся.
Максім КАЛОДЗЕЖНЫ, СШ № 59 г. Мінска