Таямніцы нашага садка. Гісторыя сёмая: каварны Піхач
Дзеткі ў нашым садку паслухмяныя-паслухмяныя. Слова лішняга не скажуць. Камарыка не пакрыўдзяць. Гэта ўсё выхавацель Сяргей Васільевіч Піліпчык стараецца. Але вось у нашым садку з’явіўся новы хлопчык Славік. Не прайшло і паўгадзіны, як з усіх бакоў пачулася:
– Сяргей Васільевіч, а ён мяне ўшчыпнуў! А мяне ўбрыкнуў! Рожкі паставіў! Казычацца!
– Славік, як табе не сорамна! – кажа выхавацель.
– Сорамана – уздыхае хлопчык.
А праз паўгадзіны ўсё паўтараецца. Патэлефанаваў Піліпчык маме Славіка, а тая:
– Мой сынок – ягнятка! Глядзіце – не крыўдзіце яго!
Месца сабе Сяргей Васільевіч не знаходзіць, думае, як перавыхаваць Славіка. А разам з выхавацелем думаюць і месца сабе не знаходзяць паслухмяныя дзетсадаўцы. Раптам ускрыкнула Галька:
– Мяне зноў Славік ушчыпнуў!
– Гэта не я! – адгукнуўся хлопчык.
– А ведаеце, дзеці, гэта і сапраўды не ён, – нечакана для ўсіх сказаў Сяргей Васільевіч.
Усе здзівіліся, а больш за ўсіх Славік.
– Гэта… Піхач вінаваты! – упэўнена прамовіў выхавацель, – толькі ён і ніхто іншы!
– Піхач?!
– Піхач! Ён вялікі, хітры, мае сто сямнаццаць рук, і сто шэсць ног, кожная валасінка на барадзе, патыліцы і хвасце мае вось такія тоненькія лапкі, варушыцца, – усім гэтым ён і піхае кожнага!
Ажно падскочыў Славік.
– Дзе гэты Піхач? Куды схаваўся? Як дам яму!
– А ён нябачны. Таму і можа шкодзіць калі захоча. А яшчэ ён любіць ухапіць цябе, Славік, за руку і тузануць ёй каго-небудзь.
– Дык мной кіруе Піхач! – здзівіўся Славік.
– Вядома! Ты яго любімая цацка, і робіць ён з табой, што хоча!
Задумаўся Славік. Раптам войкнуў.
– Піхач! Вось у гэтую секунду ён захацеў, каб я таргануў за нос Давіда і паставіў падножку Соньцы! Што рабіць? Сяргей Васільевіч, родненькі, падкажыце!
– Спакойна, Славік, – сказаў Піліпчык, – голасна крыкні: “Піхач, Піхач! Ідзі за мной!” Затым бяжы ў іншы пакой, там схавайся. Палічы да дванаццаці, выскачы і напалохай Піхача: тупай нагамі, махай рукамі, рыкай, мыкай, фыркай, паказвай язык, аж пакуль не стомішся. Піхач напалохаецца, уцячэ і не будзе табой кіраваць. Пакажы, што ты мацнейшы за яго!
– Пастараюся…
На наступны дзень Славік праз кожныя дзесяць хвілін з крыкам “Піхач, Піхач! Ідзі за мной!” выбягаў у пераапраналку і там перамагаў свайго крыўдзіцеля. Праз які тыдзень хлопчыка было не пазнаць. Хадзіў спакойны, задаволены. Цяпер кожны, хто яго сустракаў, адразу разумеў: “Вось чалавек, які перамог самога Піхача!”