У лясным гушчары
Казка ў 1 акце
Асобы:
Дзіця, Баба-Яга, 1-е Ліха, 2-е Ліха, Ведзьмы.
З’ява 1
Лес. На сцэну ўваходзіць Дзіця з кошыкам ягад.
ДЗІЦЯ (кліча). Го-го-го! Вось блутаюся ды блутаюся па лесе, а дарогі да хаты не магу знайсці. Ужо сонейка зайшло… І есці хочацца і страх бярэ. (Хоча ўзяць ягадку з кошыка.) Не! Гэтыя ягадкі для мамы… (Азіраецца. Гукае.) Го-го-го!
З’ява 2
З’яўляецца Баба-Яга.
БАБА-ЯГА. Я гаспадыня гэтага лесу Баба-Яга! Ты чаго крычыш ды палохаеш маіх звяроў і птушак?
ДЗІЦЯ. Заблудзілася. Мо ты скажаш, кудой ісці?
БАБА-ЯГА (хітра). А ягадкі свае дасі? Я нічагусенькі не ела…
ДЗІЦЯ. Я іх збірала для хворай мамы, але калі галодная, дык бяры.
БАБА-ЯГА. Якая ты добрая!.. (Дае клубок.) Кінь яго на зямлю і скажы: “Клубочак! Каціся-каці, – мяне да хаты давядзі!” Ён пакоціцца, а ты ідзі за ім. Толькі памятай: нікуды не аглядайся, нічога не палохайся, ды не спускай вачэй з клубочка, бо іначай ён ад цябе ўцячэ, а ты зноў заблудзішся, і тады ўжо я цябе з’ем! (Знікае.)
З’ява 3
ДЗІЦЯ. Трэба хутчэй уцякаць і зрабіць так, як сказала Баба-Яга. (Кідае клубочак, кажа чароўныя словы, ён коціцца. Ідзе за ім.)
З’ява 4
Два Ліхі забягаюць з розных бакоў.
1-е ЛІХА. Чуў?
2-е ЛІХА. Але!
1-е ЛІХА. Трэба клубок адабраць!
2-е ЛІХА. Напалохаць дзіця!
1-е ЛІХА. Я вагністай куляй дарогу перабягу.
2-е ЛІХА. Я вялізнай жабай выскачу з кустоў.
Выбягаюць. Чуваць свіст кулі, кваканне жабы, дзіцячыя крыкі.
З’ява 5
ДЗІЦЯ. Раптам страхі пачаліся… Я вочы толькі на секунду заплюшчыла, а клубочак і знік!
Падкрадваецца Баба-Яга і хапае Дзіця.
БАБА-ЯГА. Не паслухалася! Ну, цяпер блага табе будзе! Гэй, ведзьмы! Распаліце агонь у маёй хатцы на курынай лапцы. Зараз, дзетачка, мы цябе есці будзем! А пакуль агонь разгарыцца, пасядзі ў склепіку.
ДЗІЦЯ. Пусці! Не еш!
Выходзяць.
З’ява 6
З’яўляюцца два Ліхі.
1-е ЛІХА. Чуў?
2-е ЛІХА. Але.
1-е ЛІХА. У складзік ведзьма зачыніла.
2-е ЛІХА. Там Дзіцю будзе смерць-магіла.
1-е ЛІХА. Трэба на злосць ведзьме зрабіць!
2-е ЛІХА. Трэба Дзіця выпусціць!
З’ява 7
Ліхі падкрадваюцца да склепіка, адмыкаюць яго.
1-е і 2-е ЛІХА. Гэй, Дзіця!
ДЗІЦЯ. Ратуйце!
1-е ЛІХА. Вось маеш попелу з-пад агню купальскага. (Дае мяшэчак.)
2-е ЛІХА. Баба-Яга з іншымі ведзьмамі будзе гнацца за табой…
1-е ЛІХА. І як толькі дагоніць…
2-е ЛІХА. …хапай попел і ў вочы ёй, у вочы!
1-е ЛІХА. Яна аслепне і разляціцца па лесе, як асеннія лісты, калі іх сівер кружыць!..
З’ява 8
Пагоня.
БАБА-ЯГА. Гэй, ведзьмы-сястрыцы, трымайце, хапайце!
ДЗІЦЯ. А вось табе, паганая ведзьма! (Сыпле попелам у вочы Бабе-Язе. Тая закрычала, зарохкала, закукарэкала.) Круціся цяпер тут, як сухое лісце, калі сівер загудзе! А я да мамы!..
Францішак АЛЯХНОВІЧ
1917 г.