Радасць
У госці прыехала бабуля. Рыгорка гуляе з ёю. Асабліва радуецца, калі яна бярэцца за акуляры і кніжку.
Рыгорка любіць слухаць казкі. Ловіць кожнае слова. А калі бабуля прыпыняецца, каб паправіць акуляры, Рыгорка тузае яе за рукаў:
— Чытай, бабулька, хутчэй!
— Цікава? — пытае яна і перагортвае старонку.
…Цудоўную кветачку падарылі дзяўчынцы Жэні.
Варта толькі адшчыкнуць пялёстак і сказаць два-тры словы, як тут жа збываецца ўсё, чаго пажадаеш.
Вось дзяўчынка на Паўночным полюсе, а праз хвіліну яна зноў дома, і па яе просьбе ў хату злятаюцца цацкі з усяго свету. Жэня абрывае апошні блакітны пялёстак цудоўнай кветачкі-сяміцветачкі і загадвае, каб кульгавы хлопчык Віця стаў здаровы. У тую ж хвіліну хлопчык саскоквае з лавы і пачынае гуляць з Жэняй у квача. Ён бегае так хутка, што дзяўчынка і дагнаць яго не можа…
— А што далей? Чытай, бабулька, — просіць Рыгорка.
— А далей… казачцы канец,— кажа яна і загортвае кніжку.
— У-у, — незадаволена махае рукой Рыгорка. На вочы набягаюць слёзы. Так хочацца быць яму з дзяўчынкай Жэняй і хлопчыкам Віцем!
— А ведаеш што? — кажа бабуля. — Уяві сабе, што і ты атрымаў у падарунак цудоўную кветачку. Што б ты пажадаў? Толькі памятай: у кветачкі сем пялёсткаў — значыць, могуць збыцца толькі сем тваіх жаданняў.
Рыгорка павесялеў. Радасная ўсмешка зноў асвяціла яго твар, і ён сказаў:
— Хачу паглядзець кіно “Кветачка-сяміцветачка”.
— Хачу кожны дзень бываць у цырку.
— Куплю дзве шакаладкі і тысячу цукерак.
— Хачу на ракеце паляцець у космас, на Месяц і на Марс…
Жаданні ў Рыгоркі самыя неверагодныя. Ён так імі захапіўся, што, здавалася, не толькі адрываў пялёсткі і выказваў просьбы, а ператвараў казку ў яву. Урэшце бабуля перапыніла яго і сказала:
— Застаўся адзін пялёстак. Ты можаш папрасіць самае-самае галоўнае.
Рыгорка задумаўся. Уздыхнуў.
— Апошні пялёстак… Самае-самае… Прыдумаў! — закрычаў Рыгорка. — Хачу, — выразна прагаварыў ён, — каб ты, бабулька, стала маладой.
Бабуля пагладзіла ўнука па галоўцы, твар яе прасвятлеў. Яна нібы і сапраўды стала маладзейшай.
Уладзімір ЛІПСКІ