Злосная іншапланецянка
Хацела я пагуляць на двары. Але ўрокі не вывучыла, мама не пусціла. Сяджу каля вакна, назіраю за сябрамі, якія там дурэюць, зайздрошчу. Раптам пачуўся нейкі гул, як быццам ляцелі некалькі рэактыўных самалётаў. Паглядзела я, а гэта касмічны карабель проста ў цэнтры дзіцячай пляцоўкі прызямліўся.
Выйшла з яго іншапланецянка. Замест рук – клешні, адно вока на лобе гнеўна гарыць. Веі на гэтым воку доўгія-доўгія, калючыя-калючыя. Дакранулася веямі да маіх сяброў і ў ледзяшы іх ператварыла. Сіпіць і булькае іншапланецянка: “Усю вашу планету ў адзін вялікі ледзяш ператвару!” Набліжаецца да майго вакна. А тут на кухні чайнік закіпеў. Я, не доўга думаючы, бух на яе кіпнем! Як завішчыць іншапланецянка! Пачырванела ўся і ў скульптуру ператварылася. Выйшла я ў двор, адламала адну яе вею, дакранулася да сваіх сяброў, і яны зноў ажылі.
Вечарам прыехалі нейкія таямнічыя людзі ў чорным, забралі з сабой касмічны карабель з іншапланецянкай, а нам строга-строга сказалі, каб нікому не расказвалі аб гэтым здарэнні. Я і маўчу. Толькі вось у “Вясёлку” па сакрэце вырашыла напісаць.
Вы ж нікому не раскажаце?
Арына КАЗАКОВА, гімназія № 3 г. Барысава, 4 “Г” клас