Ножны і нажніцы
Среда, 28.03.2018 15:49. Рубрика: Вершы
Пятрок кідаецца наўцёк,
Пабачыўшы нажніцы.
Не палахлівы наш Пятрок,
Але нажніц баіцца.
Ну, так, баіцца. А чаго?
І хто тут вінаваты?
Стрыжэ нажніцамі яго
Перад вясною тата.
Жартуе зноў старэйшы брат,
Цікуючы з-за печкі:
– Во, абірычылі Пятра,
Ды так, нібы авечку.
Зусім Пятрок не рад вясне,
Зноў выцірае слёзы.
Авечак ён не бачыў, не.
Ён бачыў толькі козаў.
Авечкі ўсе наўцёк бягуць,
Калі пабачаць ножны.
Авечак ножнамі стрыгуць –
Пра гэта знае кожны.
І брат яму расказваў шмат,
Але пра гэта годзе…
А дзе ж ён сам стрыжэцца, брат?
Ён у цырульню ходзіць.
Там моднай стрыганкай стрыгуць
Шчаслівыя галовы.
І валасы хутчэй растуць,
Чым думкі Петруковы.
А калі ноччу ляжа спаць –
Яму цырульня сніцца.
Пара на стрыганку мяняць
І ножны, і нажніцы!
Казімір КАМЕЙША