Крыўдаваць або дараваць?
Ва ўтульным куратніку жыла курыца Стракатка. Аднаго разу папрасіла яе сяброўка Чубатка дапамагчы выцягнуць з зямлі вялікага чарвяка. Учапіла Стракатка чарвяка, а тут певень як кукарэкне! Разявіла Стракатка дзюбу, а чарвяк і знік.
– Вось варона! – не стрымалася Чубатка.
Пакрыўдзілася Стракатка. Дзень крыўдавала, два, а на трэці, ад вялікай крыўды, у Далёкі лес падалася.
Дабегла, але ў сам лес ні-ні: страшна. Забілася пад куст і сядзіць-дрыжыць.
У гэты ж самы час, варона Чарнотка знайшла шматкі заечай поўсці і ляцела, радасная, да сяброўкі Хвастаткі, дапамагчы гняздо ўцяпліць. А тут, разбуджаны пасля спячкі мядзведзь, як зарыкае. Разявіла Чарнотка дзюбу, поўсць пырх і развеялася.
– Ну ты і курыца! – усклікнула Хвастатка.
Дзень крыўдавала Чарнотка, два, а на трэці вырашыла ў Далёкі лес падацца.
Даляцела, а далей страшна. Апусцілася на куст і сядзіць-дрыжыць.
Пачула Стракатка над сабой варушэнне – яшчэ больш задрыжэла. Чарнотка праз ейныя дрыжыкі ледзь з куста не звалілася:
– Ты хто?!
– Я – курыца Стракатка
– А я – варона Чарнотка. Чаго надзьмутая?
– Пакрыўдзілася на сяброўку Чубатку. Яна мяне варонай назвала…
– А мяне сяброўка Хвастатка – курыцай абазвала…
Смешна ім стала. Ад рогату нават паветра закалыхалася. Раптам зверху пачулася:
– Вух-вух!
Стракатка і Чарнотка ўзнялі дзюбкі і ўбачылі ў дупле два вялізныя вокі.
– Я – сава Сафія, – буркнула птушка. – Замест таго, каб выспацца, мне давялося выслухаць вашу балбатню. Але я не крыўдую, бо крыўдаваць, значыць, згадзіцца, што ты слабы і дробязны.
– Мы яшчэ пра гэта не падумалі, – шчыра прызналіся Стракатка і Чарнотка.
– Можаце ўжо пачынаць думаць, – параіла Сафія. – А цяпер, пакуль сонца не схавалася за лесам, – марш дамоў! – строга ўзняла магутнае крыло сава.
Галіна ПШОНІК