Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
Мая Беларусь!
У полымі другой Сусветнай вайны
зруйнаваны твае дзвесце гарадоў
і тысяча дзвесце вёсак.
Кожны чацвёры жыхар загінуў.
“Ніколі не забудзем”,
“Я помню ўсё” –
дзве кнігі ўспамінаў дзяцей вайны.
Іх чытаць трэба Душой.
А прачытанае не выпускаць з Памяці.
Дзеці бачылі ўсё:
як фашысты застрэльвалі Маму,
як падпальвалі хату,
як вешалі на слупе Бацьку,
як бралі за ножкі немаўлят
і кідалі ў свежа выкапаную яму,
як адбіралі ў галодных лусту хлеба,
як мёрзлі дарослыя
і прасілі пахаваць іх у цёплай печы…
А ў гэты час цяжкімі дарогамі вайны
ішлі ў атаку на лютага звера
нашы абаронцы, сыны і дочкі Айчыны.
Паміралі з любоўю да сваёй зямлі,
з надзеяй, што і мы будзем
гэтак жа верна служыць Беларусі.
Мой любімы паэт-франтавік,
сціплы і мужны Пімен Панчанка
перадаў нам у спадчыну
кардыяграму свайго сэрца:
Краіна мая! Радасць мая!
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае…
Як бы і нам навучыцца так рыдаць
па нашай мілай Радзіме.
***
Беларусы любяць смех,
вострае слоўка, жарт, гумар.
Па іх вызначаецца характар,
па іх вымяраюцца гены
па іх ацэньваецца настрой,
па іх гартуецца мудрасць.
Песня і жарт – зброя Беларусаў,
наша адметнасць і прыкмета.
У задумлівым, спакойным
говары Беларусаў –
вера ў Божы дар,
вернасць прадзедам,
бачанне сонца за гарою.
Таму і рагочуць над сабою,
каб ачысціцца.
Смяюцца над гаспадыняй,
што яе куры нясуцца ў суседавам агародзе.
Здзекуюцца над выпівохамі,
якія не бачаць сцежкі ў свой двор.
Выводзяць на чыстую ваду паклёп,
не баяцца ачарніць зваду,
у хвост і грыву перападае фанабэру…
Вераць Беларусы:
смех не арэх – зуб не лупіць,
пасмяяцца – не пакалечыць,
лепш жартаваць, чым гараваць.
А калі хто не верыць у гэта,
то пабывайце ў Аўцюках,
дзе праходзяць Усебеларускія святы гумару.
Зазірніце ў Спорава, Дубіну,
Жабінку, Баянічы –
атрымаеце смехалекі да скону веку.
***
Мая Беларусь!
Твае дыпламаты цяпер працуюць
ва ўсіх кантынентах свету.
Ім даступна трыбуна ААН.
Яны ў кантакце з прэзідэнтамі
амаль усіх краін Зямлі.
Яны – твае сувязныя, Беларусь.
А калі ўлічыць,
што кожны чалавек дыпламат,
то беларусаў-дыпламатаў у свеце
болей за тры мільёны.
Яны жывуць сярод розных народаў,
у асяродку іншых культур.
Але хай жа ніколі не здрадзяць
сваім караням, свайму радаводу.
Хай узорам для іх стануць
Вялікія Беларусы ў Расіі.
Магіляўчанін Пётр Алейнікаў
стаў выдатным кінаакцёрам.
Мінчанін Жарэс Алфёраў –
лаўрэатам Нобелеўскай прэміі,
слынным расійскім акадэмікам.
Гамяльчаніна Андрэя Грамыку
палітыкі свету называлі
дыпламатам нумар адзін.
Ён працаваў Міністрам замежных спраў
Савецкага Саюза ажно 28 гадоў.
Віцяблянін Павел Сухі
ўславіў сваё імя ў Расіі,
як таленавіты авіяканструктар.
Іван Якубоўскі з вёсачкі Зайцава
Горацкага раёна
даслужыўся да першага намесніка
міністра абароны СССР,
двойчы Герой Савецкага Саюза…
Прыродная рыса Беларусаў –
дзе б ты не быў-служыў,
куды б цябе лёс не закінуў,
жыві і помні –
твая радзіма Беларусь,
шануй яе, беражы, услаўляй.
Уладзімір Ліпскі