Бліскоча, грукае, сячэ
ГРОМ
У нябёсах над сялом
Абазваўся гулка гром.
Далеч стала хмурай.
Рушаць вецер з бурай.
МАЛАНКА
Мільганула, як страла,
Жарам хмару апякла.
І, пасланка з пекла,
Сук на дубе ссекла.
ДОЖДЖ
Барабаніць спорны дождж.
Адсядзіся ў хаце ўсё ж.
Сыдзе за алёсы –
Мерай лужы, босы!
ВЕЦЕР
Усхадзіўся злосны вецер:
Я адзін сілач на свеце!
Ад хмурын, як трэба,
Ўраз ачышчу неба!
ГРАД
Як сячэ па даху град!
Хлебароб яму не рад:
Зноўку будзе жыта
Да зямлі прыбіта.
БУРА
Стала вусцішна і хмура.
Наляцела грозна бура.
Задала нам страху –
Здзёрла шыфер з даху!
СНЕГ
На чарнечу долу
Белы і вясёлы,
Пульхны, як тварог,
Снег уночы лёг.
ІНЕЙ
Стынуць дрэвы ў інеі,
Ад бліскоты – сінія,
І віднее ў далі
Гай – палац з крышталю.
ЗНІЧКА
Да Зямлі з-пад самых зор
Мчыцца зыркі метэор
І на небакраі
Знічкаю згарае.
КАМЕТА
Хвост агністы ў небе грае.
Зноў камета пралятае.
Заўтра за каметай
Сігану ракетай!
МЕТЭАРЫТ
Паказаў шалёны спрыт
Нам не раз метэарыт.
І жалезны, і каменны –
Для навукі неацэнны!
ЗАВЕЯ
Хмара снег калючы сее.
Усхадзілася завея,
Легла, барадатая,
Гурбамі за хатаю.
СПЁКА
Ад задушнае спякоты
Клён застаўся без лістоты,
Траўны луг зрабіўся рыжым,
Ветру ўздых – пякуча-хіжым.
НАВАЛЬНІЦА
Ўсіх сабрала навальніца:
Грому ўцешліва грыміцца,
Дождж ліецца, град стукоча,
Бліскавіца жмурыць вочы.
ТУМАН
Ты куды падзеў, туман,
Рэчку, бераг і каштан?
Хоць мінае ноч, сыходзіць,
Зрок ніяк іх не знаходзіць.
БУСЯ І ВЯСЁЛКА
Бусю ў хаце не сядзіцца.
Сціхнуў дождж – на двор імчыцца,
Любуецца, праворны,
Вясёлкай шматкалёрнай.
Мікола Мятліцкі