Вясёлы цырк
Понедельник, 19.03.2018 10:15. Рубрика: БУСЯ
Ай, які веласіпед!
Выехаў на ім мядзведзь.
Каб жа не адстаць ад таткі,
следам – два медзведзяняткі.
Па арэне зухавата
носяцца на самакатах.
– Пад душам слонік? Тата, стой!
Я гэтак мыюся таксама.
– Дзівак, там з хобата вадой
сваё дзіцятка мые мама.
– Ты спаў, унучак, і не ведаў,
залезла мышка ў тапак дзедаў.
Хай скажа мышка дзякуй дзеду,
застаўся коцік без абеду.
Дзед мышку выпусціў у двор,
каб бегла ў норку да сясцёр.
У лютым курачка-квактуха
пеўніку звязала шапку,
а ён просіць: – Лепш пахукай
мне цяплом сваім на лапку.
Раіса БАРАВІКОВА