Таямніцы нашага садка. Гісторыя шостая: Музычныя прыгоды вушастага Бурыдуса
– Прывітанне! Мяне завуць Ніна. Зараз як заплачу! Ууу-ааа-ыыы!
– Ніна, чаго плачаш? – запытаў выхавацель Васіль.
– Да мяне штоноч прыходзяць Жжжахлікі, бо няма майго вушастага Бурыдуса!
– Каго няма?
– Ты хіба не ведаеш вушастага Бурыдуса? – абурылася Ніна. – Калі дзеці засынаюць, іх сон вартуе вушасты Бурыдус. Бегае ў нашых снах, дурэе, ловіць сачком Жжжахлікаў і выкідае за межы сноў. Гора таму, чый Бурыдус прападзе. Тады ніякай рады Жжжалікам не дасі.
– А куды знік твой Бурыдус?
– Учора мы з бацькамі пайшлі ў філармонію слухаць сур’ёзную музыку. Тата і мама строга сказалі, каб я там не круцілася, цукеркамі не шамацела. Пачаўся канцэрт. У маёй кішэні цукеркі – так хочацца дапамагчы музыкантам і пашамацець, але трымаюся. Слухаю-слухаю, слухаю-слухаю і раптам адчуваю, што ўздымаюся над залай! Дык гэта ж Бурыдус падхапіў мяне сваімі вушамі.
– Фу, якая музыка нудная! Давай зробім яе весялей! – крыкнуў Бурыдус.
Мае цукеркі гарэзлівымі матылькамі вылецелі з кішэні, пачалі кружыць вакол дырыжора, блытацца ў яго валасах.
Дырыжор адмахваўся палачкай, музыка губляла сваю сур’ёзнасць і станавілася…
– Абррракадарррбнай! – зарагатаў Бурыдус. – Люблю такую музыку!
Тррах-ба-да-ба-даххх! Што такое? Выбухі, маланкі. Сцэна філармоніі раскалолася. З-пад яе з’явілася чараўніца. Якая ж яна злосная! Ад яе позірку нават Бурыдус спыніў свавольствы, зменшыўся і забіўся ў куток.
– Я – Эўтэрпа – апякунка музыкі. Гэты непачцівы вушасты Бурыдус смяротна мяне пакрыўдзіў. Яго чакае пакаранне!
Узмахнула чароўным скрыпічным ключом, войкнуў Бурыдус, захацеў схавацца, а тут як зайграла скрыпка – закруціўся ён заблытаўся ў яе гуках, раяль сваёй мелодыяй яго залавіў, кларнет, габой, флейта дапамагаюць трымаць – і знік Бурыдус у лабірынтах класічнай музыкі. Барабаны замок моцны-моцны павесілі. Вартуюць, не выпускаюць. І што цяпер? Як мне жыць без вушастага Бурыдуса?
– Як ёй жыць без вушастага Бурыдуса?! – абурана паўтарылі дзеці.
– Значыць, так! – рашуча прамовіў Васіль. – Хочаце яго выратаваць?
– А то! – загулі сябры Ніны.
– Перадайце бацькам, заўтра без спазненняў збіраемся вечарам каля філармоніі. Пойдзем на канцэрт сур’ёзнай музыкі.
– Такой жа, на якой была я? – запытала Ніна.
– Яшчэ больш сур’ёзнай! На якой не кожны дарослы выседзіць, – сурова адказаў Васіль. – Калі вы ўсе як адзін ціха і паважліва праслухаеце канцэрт, а пасля вельмі ласкава папросіце Эўтэрпу вызваліць вушастага сябра Ніны, то можа быць…
– Але ж у нас ёсць свае Бурыдусы, – прамовіў Рыгорка. – Мы, вядома, будзем сябе паводзіць добра, але ж за Бурыдусаў адказваць не можам…
– Як так?! – здзівіўся Васіль. – Гэта ж ВАШЫ Бурыдусы! Ноччу, калі яны прыйдуць да вас у сны, то пагаварыце, каб заўтра не сваволілі!
– Яны такія не паслухмяныя, – прамовілі дзеці.
– А вось і падумайце, як самага непаслухмянага Бурыдуса зрабіць паслухмяным. Няхай нават ён і вушасты!
Міканор ХОМАЧКА