Пачастунак
Вторник, 19.04.2011 13:38. Рубрика: Казкі
Сустрэліся неяк сініца і снягір і пачалі разам думаць, дзе б ім падсілкавацца. Сініца кажа:
– Ляцім, снягір, у вёску! Там дзеці ладзяць кармушкі для птушак.
А снягір ёй адказвае:
– Боязна, сініца! Там катоў многа.
Сініца зноў за сваё:
– Не бойся, браце! У такі холад каты на печы сядзяць, грэюцца.
– Ну, калі так, то ляцім!..
У невялікім парку каля школы віселі на дрэвах кармушкі, а ў іх – крошкі хлеба, зярняткі проса, кавалачкі сала, гронкі ягад каліны і рабіны. Пачастунак на любы густ! Наеліся птушкі, тады снягір і кажа:
– Дзякуй, сініца, што накарміла мяне!
А сініца яму адказала:
– Ты не мне, снягір, дзякуй, а тым дзецям, што пра нас клапоцяцца.
Вольга Рудовіч,
Дзяржынскі раён, Валмянская СШ