Ласкавая кошачка
Наш сын быў у другім класе, калі падарылі нам кацяня. Гадаваліся яны разам. Кацяня стала прыгожай дарослай кошкай. Сын вырас, стаў вышэй за маці і бацьку. Але кошка ўсё роўна ўспрымала яго як маленькага і вельмі шкадавала. Аднойчы на сына ў двары загаўкаў сабака, дык нашая котка (а жылі мы на першым паверсе) скочыла з форткі і так зашыпела, што бедны цюцька ледзьве ўцёк.
Неяк сын кажа: “Давай, мама, праверым, як кошка мяне любіць”. Ён схаваўся тварам у падушку, зрабіў выгляд, што плача. Кошка, трывожна муркнуўшы, скок на канапу і давай яго лізаць, як сваё кацяня. Нібы супакойвае: “Дзіцятка, кінь плакаць”.
Не вытрымаў сынок, як пачаў смяяцца! Пакрыўдзілася кошка, куснула нават яго за шчаку. Некалькі дзён хадзіла надзьмутая, залагодзілася, толькі калі сынок прынёс ёй у падарунак вялікага жывога карпа.
Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ