Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
Дабрыня Беларусаў –
прыкмета генная, спадчынная.
З роду ў род перадаецца,
як самы каштоўны набытак.
Беларус спачатку пачастуе госця,
а пасля пачне распытваць.
Беларус сваю сям’ю ўшчэміць,
а з суседам падзеліцца апошнім.
Некалі Рыгор Шырма,
збіральнік народных песен,
кіраўнік беларускай харавой капэлы,
прыкмеціў вершы Максіма Танка.
Аддаў усе свае грошы,
каб малады талент выдаў першую кнігу.
Кажуць, па тым часе
за тыя грошы Рыгора Шырмы
можна было купіць 350 пудоў хлеба
або шэсць кароў.
Праз ўсё жыццё два Народных,
артыст і паэт,
пранеслі светлае сяброўства,
сталі слыннымі асобамі Беларусі.
А яшчэ адзін урок дабрыні
даў нам усім кампазітар Ігар Лучанок.
Калі кіраўнік “Песняроў” Уладзімір Мулявін
вымушаны быў легчы ў бальніцу,
Ігар Міхайлавіч упрасіў дактароў
гаспіталізаваць і яго, здаровага.
Каб Мулявін не страшыўся лекаў…
Не магу забыць брэсцкага
бязногага таксіста Яўгена Дудчыка,
які некалькі гадоў запар
пералічваў у Беларускі дзіцячы фонд
частку сваёй зарплаты
на лячэнне чарнобыльскіх дзяцей.
Невычэрпная крыніца дабрыні Беларусаў.
Яна, гаючая, выпеставана самой прыродай,
загартавана ў віхурах стагоддзяў,
выпрабавана камяністымі дарогамі
ад зараджэння нацыі
да сённяшняй явы.
***
Запавет Уладзіміра Караткевіча
моладзі Беларусі:
“Трэба многа,
вельмі многа ездзіць, сябры…
Вы ўбачыце ўсе канцы
нашай мілай, ласкавай краіны,
якая зачаруе вас сваёй
няўлоўнай прыгажосцю.
Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне,
роўных якім па прыгажосці
мала знойдзеце мясцін на зямлі.
Убачыце далёкія агні новабудоўляў
і цёмныя волаты замкаў,
партызанскія зямлянкі
і вясёлку Каложы.
І азёры з белымі грабянцамі
на сіняй вадзе,
і старыя каменныя млыны
над рэчкамі,
што зараслі белай лілеяй,
поўню ў азёрнай вадзе
і водсвет яе на мокрых
тратуарах гарадкоў.
Будзеце слухаць музыку
нашай пявучай мовы
і нашы пяшчотныя песні…
І, галоўнае, пазнаеце свой
гасцінны, добры, горды
і таленавіты народ…
Любіце сваю святую зямлю
аддана і да канца.
Іншай вам не дадзена,
дый непатрэбна…”
Падпісваюся пад словамі Настаўніка,
паўтараю іх, як малітву,
на ўзыходзе і заходзе дня.
Прашу дзяцей, слухачоў і чытачоў сваіх,
упусціць у душу просьбу
Класіка нашай літаратуры.
***
Беларусы ўмеюць збіраць камяні.
Ці то ледавіком занесеныя,
ці то арбалетамі закінутыя,
ці то за пазухай прынесеныя…
Збіраюць Беларусы камяні:
каб не шкодзілі нівам,
каб не заміналі машынам,
каб дзеці не ваявалі імі,
каб сусед не насіў у кішэні,
каб каса не прытупілася,
каб камень на сэрцы не асеў…
З сабраных камянёў
Беларусы багата чаго прыдумляюць:
падмуркі дамоў і склепы-лядоўні;
храмы, кафэ, кавярні;
помнікі і надмагільнікі…
У Мінску ёсць музей камянёў,
а ў ім – карта Беларусі,
выкладзеная з каменных экспанатаў.
На Тураўшчыне вам пакажуць
каменны крыж,
які расце з-пад зямлі.
На старажытных валунах
высечана багата дат, імёнаў.
Гэты дужа загадкавы летапіс
мусім яшчэ разгадаць.
Куды ні кінь позірк душы,
усюды ўзнікаюць
непрачытаныя старонкі гісторыі.
Дык давайма ж не стамляцца
чытаць, вывучаць, любіць
кнігу нашага лёсу.
Уладзімір Ліпскі