У лазні (урывак)
Вучань каморніцкага вучылішча Клім Шамоўскі прыехаў на зімнія канікулы ў родную вёску Мардалысава.
Якраз перад Новым годам Клімаў бацька пачаў рыхтавацца ў лазню:
– Збірайся хутчэй, сынку. Чаго сядзіш?
– Я й не ведаю, ісці ці то ўжо не пачынаць. Колькі гадоў не мыўся я ў вашых лазнях, адвык. Але памыцца не вадзіла б: цела пачынае свярбець.
Лазня ліпела на ўзгорку, і пакуль Клім узабраўся, два разы паваліўся і абскрабаў аж да крыві руку аб мёрзлы снег.
“Ліха іх ведае, як яны тут мыюцца”, – думаў Клім.
Вачам горка ад дыму. Нагам ёдка стаяць на гразнай сцюдзёнай зямлі. Галава ўдарылася аб шост. Жарыня наверсе, як у пекле.
Жчах, жчах, жчах, жчах… – работалі венікі.
Паўнютанька лазня людзей. На нізу ў гразі блазнота… Іншы плакаў ад дыму ці яшчэ ад чаго, і цёр вочы кулакамі, і плёскаў гразнай вадой. Але й тую яму нехта забараніў браць: “Злётай прынясі сам”. Той шчыпаўся, той штурхаўся, той жартаваў – мацаў некага па вачах…
Не маючы сілы вытрываць, Клім схапіў адзежу… Кашуля не надзявалася, нечым дрэнным пахла. Шапку шукаў і не мог знайсці.
А зорачкі блішчэлі і скрыпеў снег… I мерныя тужлівыя вершы ляцелі з неадкуль:
Мой родны край, як ты ж мне мілы,
Ўцяміць цябе не маю сілы…
“Уцяміць, пазнаць, зразумець ніколі не здолееш”, – быў чуцен шэпт. “Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць Бацькаўшчыну павінен…” – быў другі шэпт. “Люблю… ці ж не люблю?.. А страшна яно, роднае… чым?..”
I сігаў шпарчэй Клім па скрыпучым снезе. Ляцела думка: “Мой родны кут, люблю цябе без меры!” – і забавілася, не ўцякала.
– Ці не захварэла твая галава, Клім, пасля лазні? – спытаўся бацька.
– Палепшае, – адказаў сын.