Церамок
Хведар і Цімох – цесляры. З літар Ц і Х зрабілі хатку: Ц – сцены, Х – дах. Вось і цудоўная хатка-церамок. Усе цацкі захацелі гуляць з Хведарам і Цімохам. Ды не ўсіх прымаюць у церамок.
Цапу-лапу, хапу-лапу – падыходзіць да церамка цэлая хмара.
– Хто ты? – пытаюцца Хведар і Цімох.
– Хобат-Хабатовіч. Працую ў цырку. Магу насіць хваёвыя хлысты. Умею вазіць дзяцей. Вазьміце ў церамок.
– Праходзьце, Хобат-Хабатовіч.
Прыляцеў новы госць. Сядзіць на даху, просіцца:
– Пусціце ў церамок.
– Хто ты?
– Ціў, цьох! Спяваць хачу ў церамку: цьох, цьох, цьох – цір-р-р, цьох-цьох-цір-р-р, ць-о-ох!
Жывуць у церамку Хведар, Цімох, Хобат-Хабатовіч, Цьох-цьох. Ды раптам – ціў-ціў.
– А вы хто?
– Цыпкі. Пусціце пагрэцца.
– Заходзьце, жоўценькія дзьмухаўцы.
– Цяў-цяў, вазьміце і мяне. Буду вартаваць церамок.
– Цю-цю, заходзь, Цяўка.
Уладзімір ЛІПСКІ