Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
Мая Беларусь –
на скрыжаванні вятроў і дарог.
Нашы суседзі –
Расія, Украіна, Літва, Латвія, Польшча.
Суседзяў не выбіраюць,
з імі мусім жыць і сябраваць.
Суполкі беларусаў ёсць
ва ўсіх памежных краінах,
роўна, як іхнія ў нас.
І можна апавядаць пра тысячы
жыццёвых лёсаў,
якія роднаснымі нервамі
пераплялі нашы біяграфіі.
У майго літоўскага калегі
Вітаса Бараўскаса брат Стасіс
загінуў у вайну на Віцебшчыне.
І Вітас папрасіў мяне быць яму
беларускім братам.
Сяброўству нашаму, шчыраму, —
багата годоў.
З украінскім слынным пісьменнікам
Багданам Чалым напісалі кнігу
“Любі мяне пры ўсялякай долі”–
пра нашу моладзь,
вывезеную фашыстамі ў рабства.
І гэта творчая праца знітавала
нас у моцнае сяброўства.
Расію люблю праз Альберта Ліханава,
які стварыў Міжнародны фонд
абароны Дзяцей,
і мы ў ім – завадатары, творцы.
Кнігі майго расійскага сябра
натхнілі і мяне служыць Дзецям.
З латвійскай “Сінічкай”
і польскім “Цвыркуном”
сябруе беларуская “Вясёлка”…
Шукайма і далей ніці сяброўства
з краінамі-суседзямі ды іх жыхарамі.
І хай само пагранічча
стане сімвалам нашага братэрства.
***
Беларуская вёска Дастоева,
на Палессі,–
радаводная крынічка самога
Фёдара Дастаеўскага.
Пінскі князь некалі надзяляў
землямі ў Дастоеве самых
дастойных людзей.
Там і цяпер жывуць
Ткачовы, Кажуховы, Бондары.
І ва ўсёй маёй Беларусі
дужа багата людзей з прозвішчамі
дастойных умельцаў:
Чобатавы, Тапарковы, Цесляры,
Кавалёвы, Калеснікі, Млынаровы,
Шаўцовы, Краўцовы, Шапавалы,
Кухаравы, Ложкіны, Печнікавы,
Гаршковы, Крупадзёравы, Сталяровы…
Нам жа застаецца помніць і ведаць
даўнейшых дзелавых майстроў.
Ды самім не быць горшымі.
З гонарам і дбайна
праносіць па жыцці ўсё,
вартае спадчыны, добрых традыцый
нашай роднай Бацькаўшчыны.
Для гэтага ёсць народны рэцэпт:
бярыце новы дзень,
ачышчайце яго ад абыякавасці,
зайздрасці, сквапнасці, смутку,
дадайце тры кварты аптымізму,
добрую жменю веры,
лыжку цярпення,
фунт павагі і дабрыні.
Увесь навар заліце любоўю.
І вы атрымаеце памятны дзень.
А з дзён, якія не прамінулі,
а запомніліся,
і складаецца наша жыццё
ў зямным раі.
***
Мая Беларусь!
Цябе бачылі з космаса
Нашы касманаўты –
Пятро Клімук, Уладзімір Навіцкі,
Уладзімір Кавалёнак.
Кажуць, з высокай высі
можна любавацца алмазам
Нацыянальнай бібліятэкі,
калі яна запальвае свае агні.
А мне здаецца,
наша галоўная скарбонка кніг
і без ілюмінацый,
як зорнае неба,
зіхаціць над сусветам.
Кніг столькі, што імі
можна падперазаць Зямлю.
Нам жа застаецца гэту спадчыну
прачытаць, зразумець, ацаніць,
прапусціць праз млын душы.
Кніга – акно ў вякі мінулыя,
у дні заўтрашнія.
Яна – маяк для чаўна,
на якім Чалавек адольвае
жыццёвы акіян.
Прывабнасцю мудрага Слова
ўзвысілі маю Беларусь
Максім Танк і Пімен Панчанка,
Іван Шамякін і Іван Чыгрынаў,
Васіль Быкаў і Генадзь Бураўкін,
Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль,
Янка Маўр і Васіль Вітка…
Кнігі класікаў грэх здаваць у архіў.
Яны на вернай службе ў чытачоў.
А следам жа за класікамі
на Парнас ўзыйшлі і ўзыходзяць
юныя, няўрымслівыя таленты.
Шукайма спаткання з іх творамі!
Уладзімір Ліпскі
Столькi мудрасцi у вашых словах! У дзяцiнстве чытала Вясёлку, а зараз праз шмат год iзноу пачала! Не ведала, што ёсць такi прыгожы i цiкавы сайт! Дзякуй вам за вашу працу i натхненне!