Скрыпач і ваўкі
Быў у нас на сяле скрыпач Ахрэм. Вяртаўся аднойчы позна ноччу дамоў. Вырашыў не ісці полем, а скараціць дарогу праз лес. Вакол цёмна, хоць вока выкалі. Раптам як праваліцца Ахрэм кудысьці! Што гэта? І тут жа здагадаўся: у лесе было шмат ваўкоў, вось для іх і капалі паляўнічыя ямы. Чуе – нехта побач заварушыўся! Два агеньчыкі – вочы ваўчыныя гараць.
Думае Ахрэм: “Гэта ён цяпер спалохаўся, дык не чапае, а як ачухаецца, дык з костачкамі з’есць мяне”. І сапраўды, праз нейкі час воўк пачаў падступаць… “Пагана, – думае Ахрэм. – А ну, хіба на скрыпцы зайграю”. Скрыпка як загалосіць, а воўк як адскочыць! Пачаў Ахрэм вясёлае іграць, воўк падвывае. А тут – раз, і струна парвалася! Але нічога, яшчэ тры засталіся. Іграе далей. Выццё з лесу стройным хорам даносіцца і набліжаецца. Другая струна парвалася… Пачаў Ахрэм не так моцна іграць. І раптам зверху проста над галавой нехта зубамі як ляснуў! Азірнуўся Ахрэм: ваўкі яму акружылі, пашчы вышчэрваюць, слінай капаюць.
Тут і трэцяя струна парвалася. Апошняя засталася! Бедны Ахрэм думае: “Вось, вось зараз і гэта лопне, а тады…” Бдзынь! Што гэта, сэрца абарвалася? Не! Чацвёртай струны не стала… Ваўкі захваляваліся. Вось адзін не вытрымаў і ў яму таксама ўваліўся. Яшчэ імгненне – і з’ядуць беднага скрыпача. Вакол яго выццё, лясканне зубоў, брэх… Але хто ж гэта брэша? І раптам чуе Ахрэм: “Ату іх!” Гучаць стрэлы! Дык гэта ж паляўнічыя прыйшлі яму праверыць… Больш ніколі Ахрэм не скарачаў дарогі і не хадзіў позняй ноччу па гэтым глухім лесе.
Кастусь Каганец