Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
Беларусы маюць цара звяроў –
белавежскага зубра.
Буры, грывасты, рагаты, з барадой.
Спакойны, памяркоўны,
але яго не чапай, не злуй.
І ён цябе не кране.
Толькі пільна паўзіраецца
і пойдзе сваёй дарогай.
А за ім чарада
грываста-бурых родзічаў,
буйных і дробных зубранят.
Ім цяпер дужа добра
ў беларускай Белавежы.
Іх, як рэліквію сівой даўніны,
ахоўваюць, кормяць, даглядаюць.
І, барані божа, нельга адстрэльваць.
А былі ж часы, сведкамі таму
фотаздымкі, малюнкі, тэксты,
калі тут палявалі каралі, цары,
заваёўнікі розных масцей.
Забілі ці не апошняга зубра.
Пушча аглухла ад стрэлаў, баляванняў.
Маладая Беларусь узяла пад
сваё надзейнае крыло
сэрца Пушчы – старажытнага зубра,
аленя-прыгажуна і дзікіх коз,
коней-тарпанаў, барсукоў, куніц…
Пад аховай звыш за дзвесце відаў
пеўчых птушак,
усе сысуны і паўзуны.
Пушча беражэ даўніну,
зубрыныя дубравы,
ціхія бабровыя рэчачкі,
паваленыя векавыя ясені.
Пушча вырасціла самую высокую елку.
Непадалёк ад яе
пасяліўся беларускі Дзед Мароз.
Пад Новы год яму можна
дасылаць свае патаемныя жаданні.
І ён пачаруе над імі
пад лагодны пошу
векапомных дрэў.
***
Уладзімір Караткевіч,
наш слынны пісьменнік-прарок,
назваў Брэст брамай краіны.
Праз тую браму ўваходзілі да нас
сябры і ворагі.
Прыяцеляў прымалі шчодра і гасцінна.
Насільнікаў палілі агнём сэрцаў
і вогненнымі, смяртэльнымі кулямі.
Так было і 22 чэрвеня 1941 года,
калі фашысты па-здрадніцку,
ціхай ноччу напалі на Брэст.
Крэпасць і яе насельнікі спалі,
але ж імгненна паўсталі на абарону.
Плавілася цэгла і шкло,
але абаронцы Крэпасці не здаваліся.
Ведалі, што загінуць,
пісалі на сценах “Бывай, Радзіма!”
і трымаліся да апошняга ўздыху.
Пра подзвіг герояў расказвае цяпер
мемарыял “Брэсцкая крэпасць”.
І ўвесь свет прадаўжае дзівіцца
мужнасці абаронцаў-братоў.
Але не ўсе ведаюць,
што за многія стагоддзі беларусы прайшлі
школу барацьбы за волю, зямлю.
За годнасць продкаў,
якія праявілі свой характар
яшчэ пяцьсот гадоў таму,
у Грунвальдскай бітве з крыжакамі…
Горад Брэст выжыў у крывавай вайне,
выстаяў, узняўся і стаў вядомы
сваёй адвагай, веліччу, красой.
А ў Крэпасць-герой вірам ідуць
вандроўнікі з ўсіх краін Зямлі.
Вельмі ж дасціпна сказаў
пра Брэст Уладзімір Караткевіч:
“Поступ сучаснай гісторыі Брэста
не дагоніш аніякай кнігай”.
***
Нашаму Полацку ўжо другое тысячагоддзе.
Яго летапіс яшчэ мусяць прачытаць.
Але і таго, што вядома, даволі,
каб Полацк лічыць нашай даўнейшай сталіцай.
Тут нарадзілася, малілася і ўзвысілася
наша першая святая Еўфрасіння Полацкая.
Адсюль родам Францыск Скарына,
першадрукар і асветнік,
які даў беларусам біблейскія кнігі
на роднай, зразумелай мове.
Тут узвысіў свой прыродны дар
паэт, асветнік, царкоўнік
і выхавальнік царскіх дзяцей
мудрэц Сімяон Полацкі.
З Полацка бяруць радаводныя карані
першыя Вялікія князі ВКЛ.
Сюды прыходзілі заваёўнікамі
цары Іван Грозны і Пятро Вялікі.
Тут збудаваны Сафійскі храм,
раўня храмам у Кіеве і Ноўгарадзе.
Па Дзвіне, якая перашэптваецца з Сафійкай,
праходзіў некалі шлях “з варагаў у грэкі”.
“Гаспадарылі” ў Полацку шведы,
напалеонаўцы, фашысты…
А Полацк, як быў наш беларускі,
так і застаўся ім.
Помнікам сучаснай явы
побач узвысіўся малады горад Наваполацк.
Тое, што робяць тут майстры-умельцы,
варта ўсялякай павагі…
Хто ў Полацку не бываў,
той кнігу Беларусі не чытаў.
Уладзімір Ліпскі