Устань, Няміга, з-пад асфальту ўстань!
Устань, Няміга, з-пад асфальту ўстань!
Легендай з цемры зазвіняць струмені,
мячоў шырокіх зырка ўзблісне сталь,
узнікнуць сечы старажытнай цені.
Устань на покліч, як тады, сама
з-пад снегу спрэс чырвонага й лёду;
ты ў свет панесла горада імя
з трагічнай славай землям і народам.
Паўстань, Няміга, з цемры даўніны
праменнай бронзай, люстраным гранітам,
апавядаюць хай усім яны
пра Менск – вячысты горад знакаміты.
1992
Аляксей РУСЕЦКІ
Аляксей РУСЕЦКІ (4 снежня 1912 – 17 чэрвеня 2000) – беларускі паэт. З дзяцінства любіў жывёл, казаў што разумее іх мову. Ратаваў кінутых кошак і сабак. Таму не дзіўна, што ў 1931 г. паступіў у Маскоўскі зааветэрынарны інстытут. Працаваў загадчыкам бактэрыялагічнага аддзела абласной ветэрынарнай лабараторыі. Першая кніга (“У заўтрашні свет”) выйшла ў 1951 годзе. Паэзіі Аляксея Русецкага ўласціва некрыклівая шчырасць і ўнутраная гармонія. Натхняўся творчасцю Пімена Панчанкі, а той вельмі цаніў яго вершы, якія ў сяброўскай кампаніі любіў дэкламаваць.