Школьныя парады. Частка чацвёртая: як палюбіць нелюбімыя ўрокі
Нічога не цяміш у нямецкай ці любой іншай замежнай мове? Сумуеш на ўроках літаратуры? Лічыш, што многае ў школьнай праграме табе не патрэбна?
Гэтак думаў і я. Да часу.
1. Нямецкая мова
Як жа я не любіў нямецкую мову! Сабачы брэх яна мне нагадвала. У класе вышэй за тройку з двума мінусамі не атрымоўваў. Аднаго разу задалі нам вершык вывучыць. Бацька сказаў: “Глядзі, сынок, у мамы сёння дзень нараджэння. Не засмуці яе”. Давялося вучыць. Нават тройку з плюсам атрымаў. Вяртаюся дамоў, задаволены. Раптам бачу: сядзіць на дрэве, ля пад’езда, дзяўчынка, а ўнізе нямецкая аўчарка на яе гаўкае. Сабраліся людзі. Ніхто дапамагчы не можа. “Гэты сабака новых жыхароў з Германіі. Сядзеў каля пад’езда, рэчы вартаваў, а тут дзяўчынку пабачыў, ледзьве паспела на дрэва заскочыць!” – гавораць людзі. Што рабіць? І тут я зразумеў: сабака ж нямецкі, па-нашаму не цяміць! Пачаў я вершык яму школьны дэкламаваць. Сабака морду да мне павярнуў, а затым… як давай мяне аблізваць! Узрадаваўся: мову родную пачуў. Шчаслівыя бацькі дзяўчынкі за выратаванне падарылі мне новы айфон, гаспадары сабакі – пародзістага шчанюка на Новы год абяцаюць. Словам, нямецкая мова з таго часу – адзін з маіх любімых прадметаў.
2. Беларуская літаратура
Прызнаюся, як жа я нудзіўся, калі настаўніца манатонна чытала “Новую зямлю” Якуба Коласа. І нічога не дапамагала. Пакуль у класе не з’явілася новая вучаніца Наталька. Такой прыгажуні я не сустракаў. Спярша яна не звяртала на мяне ўвагі, але калі даведалася, што я малюю партрэты, дык імгненна папрасіла яе намаляваць. Узамен абяцала пацалунак. Тры дні я працаваў. Як жа яна на мяне глядзела. Колькі кахання ў позірку! А як партрэт быў гатовы, яна пацалавала мяне ў нос і перадала малюнак старшакласніку Генку. Аказваецца, яны сустракаліся. Генка павесіў партрэт у сябе дома, а я пакутаваў. Расказаў пра гэта старэйшаму брату. А той: “Глупства! У Якуба Коласа было тое ж. Калі ён сядзеў у царскай турме, яго абяцала чакаць каханая дзяўчына, але ўжо назаўтра кінула. Што яму заставалася? Пакутаваць, як табе? Не! Каб забыць пра яе, ён пачаў пісаць “Новую зямлю”, і так захапіўся, што нават ужо і не помніў, як імя той дзяўчыны”. Брат настолькі зацікавіў мяне гэтай “Новай зямлёй”, што я за некалькі тыдняў усю яе вывучыў і на ўроках літаратуры атрымаў дзясятку. Калі ж да мяне падыйшла Наталька і запытала, ці не хачу я з ёй разам пагуляць, я адказаў вершам, уласнай прыдумкі:
Лепш таксу завяду ці лабрадора,
І буду з імі кожны дзень гуляць,
Тваё ж імя, нягодная Наталька,
Не буду нават у снах я ўспамінаць.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК