Вясёлая азбука
Урыўкі з кнігі туркменскага пісьменніка
А. Авечка
Авечка і мяне пераканала:
У нашым свеце цудаў ёсць нямала.
— Абабак! Аблачынка! Свечка!
Ме-ме, – здзіўляецца авечка!
Б. Бавоўна
Зноў клопатаў у полі поўна:
Пара прыйшла ўбіраць бавоўну.
Хоць нялёгкая работа,
Працаваць усім ахвота.
В. Вожык
– Скажы нам, вожык, шчыра толькі:
Нашто табе іголак столькі?
– А каб не голымі рукамі
Змагацца з лісамі й ваўкамі.
Г. Горы
Вяршыні гор, нібы ракеты,
Нябёсы ім сігналы-промні шлюць.
І кожная пілота кліча: “Дзе ты?”
Заўжды ў палёт гатовая рвануць.
І. Іклім
Купілі боцікі Ікліму.
Ён стаў, як скараход імклівы.
Ледзьве абуўся наш Іклім –
Прастыў і след за пяць хвілін.
К. Кавун
Кавун з зямлёю пупавінай
Звязаны й смокча без упыну.
Расце жывот, шырэй палоскі,
Па швах ужо трашчыць матроска!
Н. Неба
На неба ў аблоках, сябры, паглядзіце,
Плыве там вялізны вярблюд у карыце.
А вецер сунімецца — воблака спыніць,
Вярблюд памяркоўны жуе сонца-дыню.
П. Пугач
У пугача паўночы да зары
Гараць нястомна вочы-ліхтары.
І дзякуючы гэтым ліхтарам
Не страшна ўночы птушкам і звярам.
С. Страус
Страус — птушка, кожны знае,
Ды чамусьці не лятае.
Ледзьве ж згледзіць ён чужых —
Дык бяжыць хутчэй за ўсіх!
Ф. Футбол
Вярблюд ганяе мяч яшчэ да дня,
Футбол — яго ўлюбёная гульня.
Калі ж на полі дожджык лье,
Ён песні пра футбол пяе.
Х. Хмара
З абдымкаў рэчкі выплывала
Цяжкая хмара, нібы звер,
І мокры плашч свой выціскала
Разы са тры нам за каўнер.
Ч. Чарапаха
Такое пабачыш, напэўна, нячаста:
Паўзе чарапаха ў касцы блішчастай.
Вам смешна, спадарства, а ёй не да жартаў —
Таму што яна — чарапаха-пажарны!
Ш. Шчанюк
Мой шчанюк, хаця й малеча,
Але ж пільны, рыхтык следчы.
Чую: цяўкае ў двары —
Чаравік знайшоў стары.
Я. Як
Як бадлівы ад прыроды
Толькі рохкае заўсёды.
Рохкаць не умееш як —
Дык такі з цябе і як!
Буся ў Туркменіі
– Буся, Буся, дзе галёкаў?
– У Туркменіі далёкай!
– Буся, Буся, што рабіў?
– З чапляй жабак я лавіў!
– Ці прывёз што, Буся, нам?
– Вам – з Туркменіі “салям!”
Агагельды Аланазараў
Пераклад Алеся ЕМЯЛЬЯНАВА