Таямніцы нашага садка. Гісторыя пятая
Жыў у цэнтры Мінска сквапны хлопчык Хама і яго меншы брат Сашка. Хадзілі яны ў адзін садок. За некалькі дзён да Новага года было ў садку свята для старэйшай групы: Дзед Мароз гульні праводзіў, у карагоды дзяцей ставіў, вершыкі на памяць прымушаў расказваць. Падарункі за гэта абяцаў. Як жа стараўся Хама! Цэлую паэму Артура Вольскага расказаў. Думаў, за кожны слупок па некалькі цудоўных падарункаў атрымае…
– Ы-ы-ы-ы! – плакаў Хама.
– У-у-у-у-у! – дапамагаў Сашка, хоць да яго ў групу Дзед Мароз яшчэ не прыходзіў.
– Я столькі вывучыў, столькі чытаў, а мне за гэта – аднаго шакаладнага сабачку з адбітым вухам?!
– І я, і я… І мне, і мне… – змахваў слязінкі Сашка.
– Ведаю, што рабіць! Забярэм у гэтага Дзеда Мароза ўсіх яго шакаладных сабачак! – рашуча прамовіў Хама.
– А дзе? А як? – здзівіўся Сашка.
– Мама казала – апоўначы ён будзе ў нас! Як толькі заляціць у фортку, накінем на яго татаву рыбацкую сетку! Усе падарункі будуць нашы!
Схаваліся браты за ёлкай. Не спяць, чакаюць. Раптам чуюць, нехта зверху забурчаў. Дык гэта ж гном навагодні Мікола, якога яны заўсёды на самы верх ёлкі садзілі. Мама яшчэ казала, што ён сваяк Дзеду Марозу.
Свіснуў Мікола раз – ажылі ёлачныя цацкі. Зайчыкі, снегавікі, вавёрачкі, салдацікі, птушачкі варушацца, шэпчуцца, нядобра паглядаюць на Хаму і Сашку.
Свіснуў Мікола два – саскочылі цацкі з галінак, братоў акружылі.
Свіснуў тры – схапілі Хаму з Сашкам і ррраз – на ёлачную галінку закінулі. Паглядзелі браты, а яны ўжо не хлопчыкі – шакаладнымі сабачкамі сталі!
– Майго сваяка залавіць хацелі? Падарункаў мала было? Дык самі будзеце цацкамі-падарункамі! – забурчаў Мікола.
Горка заплакаў Хама, а за ім і Сашка.
– Лепш не плачце, вы шакаладныя, размокнеце, – шапнуў ім цукровы галубок. – Думаеце, мы заўсёды былі цацкамі? Кожны з нас калісьці хадзіў у дзіцячы садок… Кожны з нас пад Новы год хацеў залавіць Дзеда Мароза і забраць тое, што найбольш спадабалася. Мяне, напрыклад, звалі Аркадзь, і я вельмі хацеў цукровага галубка.
– Як нам выратавацца?
– Ніяк. Цяпер вы навагоднія цацкі. Назаўсёды! – падміргнуў Аркадзь.
– Назаўсёды… Назаўсёды… – Ёлка зашапацела, зашаптала, супакойна махала галінамі.
У гэты момант адкрылася фортка. Падзьмуў вецер. Здавалася, што нехта заляцеў у кватэру. Вось і знаёмы чырвоны кажух праплывае…
– Дзядуля Мароз! Стой! Пачакай! Даруй! – закрычалі Хама і Сашка, учапіўшыся за ягоны рукаў. І раптам Ёлка пахіснулася, і ўсё падае, грыміць…
Запальваецца святло. Забягае ўстрывожаная мама. На падлозе паваленая ёлка, побач тата, які заблытаўся ў рыбацкай сетцы, а недалёка прыспаныя, спалоханыя Хама і Сашка…
Бацькі пасля цэлы дзень бурчалі, а браты…
– Сашка, мы не цацкі! Ура! – радасна шапнуў Хама.
– Ура! – весела азваўся брат.
Праз некалькі дзён Дзед Мароз быў ізноў у іх садку. На гэты раз рабіў свята для малодшай групы, куды хадзіў Сашка. Гульні праводзіў, у карагоды дзяцей ставіў, вершыкі на памяць прымушаў расказваць. Падарункі за гэта абяцаў. Як жа стараўся Сашка. Цэлую паэму Сяргея Грахоўскага расказаў. І як радаваўся, калі атрымаў шакаладнага сабачку.
Міканор ХОМАЧКА