Навагодняя прыгода Уладкі і Паўлінкі
Сястрычкі Паўлінка і Уладка жылі каля самага лесу. У апошні дзень старога года пайшлі пагуляць. Бегалі, дурэлі, самі не заўважылі, як трапілі на лясную палянку. А там рос вялізны ледзяны званочак. У бутоне нехта спаў, абкруціўшыся белай барадой.
Паўлінка дакранулася да кветкі. Раптам усё вакол загуло, зашумела. З’явілася вядзьмарка Аксана! Вакол яе скакаў чорцік Піліп, грыз шышкі і кідаўся агрызкамі ў дзяўчынак.
– У званочку – Дзед Мароз! – зашыпела Аксана. – Я зачаравала яго! Надакучылі вашыя карагоды, падаруначкі, вершыкі на зэдліку, гірлянды, песні, скокі, салюты і петарды! Столькі шуму! У Піліпкі ікаўка пачынаецца! Больш ніякага Новага года! Апоўначы вечная цемра апусціцца на ваш край, а вы ўсе станеце самотнымі снегавікамі! І цішыня вакол!
Паўлінка толькі захацела заплакаць, як у снежную бабу ператварылася.
– Не люблю, калі плачуць! Зараз твая чарга! – узмахнула Аксана палачкай на Уладку. І раптам…
– Хррр… Хрррааа…
Што здарылася? Чорцік Піліп падавіўся шышкай! Упаў, дрыгаў капыткамі і не мог дыхаць.
– Піліпка, родненькі… – разгубілася Аксана, – Стой! Не чапай яго! – крыкнула яна Уладцы, але дзяўчынка не слухала. Падскочыла да чорціка, пачала ратаваць яго…
Выратаваны Піліп пабег да ведзьмы і схаваўся ў яе зблытаных валасах.
– Дзякуй, табе, дзяўчынка… – расчулена прамовіла Аксана. – Ты выратавала яму жыццё, ну, а я… эххх! Толькі ж вельмі ў Новы год не шуміце!
Узмахнула палачкай: Паўлінка ізноў сабой стала, а званочак распусціўся, выскачыў адтуль Дзед Мароз – толькі яго і бачылі.
– Дзе ты, Уладка, гэтаму навучылася? – запытала Аксана.
– Учора Паўлінка мандарынам падавілася, а тата яе вось так і ратаваў!
– З Новым годам, Уладка і Паўлінка! – усміхнулася ведзьма.
– З Новым годам, Аксана! Будзь асцярожным, Піліп! – азваліся дзяўчынкі.
Але чорцік іх не чуў, бо прыдумаў новую забаўку: з пагрызеных шышак, пачаў майстраваць гірлянду.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК