Асінае гняздо
Калі цябе з сябрамі крыўдзяць старшакласнікі, нейкія хуліганы занялі любімае месца на арэлях у двары, не маўчыце і не бойцеся. Хадзіце на адзінаборствы, займайцеся спортам. Навучыцеся разам даваць адпор. Пра гэта – казка Якуба Коласа.
Даўно асталяваліся тут восы. Яны часта заляталі ў вуллі, разбоем забіралі гатовае. Пчолкі прыкідваліся, што нічога не бачаць, каб толькі не рабіць калатні.
– Э, – сказаў асіны цар, – бачыце, як усе дагаджаюць нам. Чаго мы жывём? Каб панаваць. А каб магчы панаваць, то трэба другіх прымусіць служыць сабе. У чым наша сіла?
Асіны цар павярнуўся задам, высунуў джала і сказаў:
– Во ў чым наша сіла!
Асінае гняздо загуло ад радасці. Пачалі восы гадаваць джалы. Пайшла трывога па ўсім царстве кузурак: на каго яны першыя накінуцца?
– Не, – гаварыў камар, – далей так жыць няможна. Што з таго, што ў мяне доўгі нос, калі ім карыстацца нельга, бо за восамі свету няма?
– У нас у вуллі вятры веюць, а збіраць мёд баімося, – жаліліся пчолкі.
– Між гэтых лясоў лётаць небяспечна, – гаварылі тысячы другіх мошак.
Учуў стары дуб гэтыя гутаркі і сказаў:
– Чым так жыць, то лепш памерці вам!
– А што рабіць?
– Што рабіць? А навошта вам вашы джалы?
– Так, так, так! – загулі мошкі. – Скарыстаем нашы джалы!
Стары дуб усміхнуўся. Згінуць восы, спакайней будзе на свеце.
1914 г.