Усе фарбы “Вясёлкі”
Аксана АРАКЧЭЕВА не ведае, што такое сумны настрой. Яе шматлікія ілюстрацыі да дзіцячых кніг напоўненыя сонцам і радасцю. Любімыя колеры – зялёны, сіні, чырвоны, аранжавы, жоўты – з аднолькавай святочнай насычанасцю радуюць чытача. Нават у самага сумнага дзіцёнка выклікаюць усмешку.
“Дзяўчынка з вішнёвага завулка” Тамары Бунта, “Мяне завуць Лахнеска” Алены Масла, “Дабрадзей для ўсіх дзяцей” Уладзіміра Ліпскага – любімыя кнігі мастачкі, над якімі яна працавала.
Героі стракатых малюнкаў Аксаны Аракчэевай падобныя да паветраных шарыкаў, яны не ведаюць іншых эмоцый, акрамя пачуцця шчасця. Таму не дзіўна, што кніжкі з яе работамі так любяць дарыць на дні нараджэння. Нават калі там намаляваная якая-небудзь страшная зубастая рыбіна, самотны дыназаўр, напалоханая дзяўчынка, то ўзнікае адчуванне, што яны толькі робяць выгляд, быццам такія жудасныя, сумныя ці баязлівыя. Гэта ўсяго толькі вясёлая гульня, бо нашае жыццё, паводле светапогляду мастачкі, павінна нагадваць карнавал. Які сэнс хадзіць панурым, гэта ж так не цікава!
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК