Мая Беларусь (працяг)
Аповесць-споведзь
***
Хатынь – мой пякучы боль.
Іголкамі колюць яго званы.
Адкрываю калітачку,
пячны комін-бабыль
вітае трывожным звонам:
дзінь-дзілінь-дзінь!
Моўчкі плачу:
“ Божа! Тут жыла сям’я каваля.
Яго, жонку, іх дзяцей
карнікі спалілі ў хляве…”
Тым жудасным днём вайны
ў Хатыні згарэлі
сто сорак дзевяць чалавек,
сярод іх – семдзесят шэсць Дзяцей.
Іх немачны крык у полымі
вухкае ў маім чуллівым сэрцы.
А трошкі воддаль ад каміноў-званароў –
могільнік спаленым вёскам
з усяе маёй Беларусі.
Тут у смутку віруюць успаміны.
Я ж таксама мог быць спаленым.
На Сёмуху карнікі зрабілі
з нашых Шоўкавіч фейерверк.
Мама выратавала мяне.
Вынесла ў алёс, у дрыгву…
А дзевяць шоўкаўцаў
не дабеглі да лесу.
У спіну стрэлілі дзеду Сяргею.
Разам з хатай спапялілі
бабу Алёну-інвалідку…
Згарэла да тла наша сядзіба,
а ў ёй – мае цацкі…
Дзве мае цёткі памерлі з голаду…
Можа, Мама выратавала мяне,
каб я напісаў кнігу пра Беларусь?..
Дзінь-дзілінь-дзінь –
б’юць трывогу каміны Хатыні.
Здаецца, іду не па мемарыялу,
а па гарачым попелу вёскі.
Па сцяжынках шынельнага колеру.
І паўсюль на мяне пазіраюць
пакутныя вочы дзядулі Камінскага,
які трымае на руках спаленага ўнука.
Яны, бронзавыя, нястомна моляць:
не забывайце святых пакутнікаў-хатынцаў,
не дапусціце новых вогніваў!
Дзінь-дзілінь-дзінь!
***
Белыя буслы ў чырвоных ботах,
з чорным веерам-хвастом,
з доўгімі, шырокімі крыламі –
такіх жывых самалёцікаў
поўна па ўсёй маёй Беларусі.
Здаецца, анідзе ім так не добра,
як на нашых хатах, дубах.
Селяцца яны і на фермах,
на вадакачках, электраслупах.
Відаць, здаўна паверылі,
што Беларусам можна давяраць.
Яны не зачэпяць ні гняздо,
не патрывожаць клёкат,
не дадуць у крыўду буськаў.
А калі здарыцца бяда
з якім-небудзь буслом,
то прыюцяць у двары, у хаце.
І не будзе большага клопату
вельмі занятаму гаспадару,
каб збіраць жабак небараку.
Чалавек і бусел – верныя сябры.
Дык вось жа чаму птушкі
ахвотна вяртаюцца з выраю
ў свае гнёзды, да Беларусаў.
Мой сябар Рыгор Бабчанок,
слынны старшыня калгаса
па Палессі, расказваў,
як на свае вочы бачыў дзіва.
На зжаты жытнёвы палетак
сабралася мо паўтысячы буслоў.
Адзін стаяў на цюку саломы,
астатнія вакол яго.
Важак праводзіў сход,
даваў каманды,
як ляцець у Афрыку,
як помніць пра сваю дамоўку –
шчодрую і мілую Беларусь.
Адвечнае сяброўства людзей і буслоў –
гэта вялікі знак таго,
што Беларусы адзінакроўцы з прыродай.
І гэтым моцныя на сваёй зямлі!
***
У беларускіх назвах месяцаў –
хараство роднай мовы,
скарб нашай спадчыны,
адвечная повязь з прыродай,
закваска мудрасці,
пільнасць позірку,
вострае адчуванне пораў года.
Студзень – студзіць, марозіць, бадзёрыць.
Люты – лютуе, загартоўвае, выпрабоўвае.
Сакавік – скача па ручайках, вяртае выраі.
Красавік – краскі родзіць, красу наводзіць.
Май, ён жа травень, абнадзейвае, натхняе.
Чэрвень – зачароўвае чырванню лета.
Ліпень – ліпы квеціць, Купалле гуляе.
Жнівень – жыта жне, Жыценя ўхваляе.
Верасень – верасы запальвае, абвяшчае восень.
Кастрычнік – залатымі кастрамі гарыць на дрэвах.
Лістапад – шэпча апаламу лісцю развітанку.
Снежань – снежыць пушыстымі, свежымі зоркамі.
Такая пяшчотная кругаверць
з году ў год,
з веку ў век,
ад зародзінаў Беларусаў
да сённяшняга дня.
Уладзімір ЛІПСКІ