Школьныя парады. Частка другая: што зрабіць, каб цябе і тваіх сяброў не крыўдзілі?
Самае простае – навучыцца прыёмам бокса альбо каратэ. Стань чэмпіёнам, і тады ніхто не зачэпіць.
А калі ты, як і я, не маеш часу вучыцца баявым прыёмам?
1. Згаджайся
На перапынку мяне заціснулі ў кут Сашка і Сярожка. Пачалі абражаць, махаць пудовымі кулакамі. Што рабіць? Крычаць “ратуйце?” Станеш баязліўцам. Назваць іх ігуанадонамі? У нос дадуць. Выхад знайшоўся: цвёрдым голасам я стаў… згаджацца. На кожную грубую рэпліку гаварыў: “Вядома…”, “Ты маеш рацыю…” Праз хвіліну баявы запал у Сашкі і Сярожкі згас. Празвінеў званок, нейкія сумныя, яны пайшлі на ўрок, дзе імгненна атрымалі па заслужанай двойцы.
Заўвага: вядома, калі падобныя Сашка і Сярожка абражаюць не цябе, а каго-небудзь іншага, то лепей зрабіць так, як на малюнку.
А што рабіць, калі на цябе ўжо ляцяць з кулакамі?
2. Не замінай
Мой аднакласнік Міцька быў каратыстам і на ўсіх паказваў прыёмы. Асабліва пакутаваў 6-гадовы Марк. Калі я зрабіў Міцьку заўвагу, той крыкнуў: “А такое бачыў?” Ён падскочыў і ў палёце захацеў мяне стукнуць нагой. Што я зрабіў? Я не замінаў яму ляцець туды, куды ён заслугоўвае.
Заўвага: Паспей, калі на цябе замахваюцца, прысесці, ухіліцца, адыйсці ўбок. Карыстайся сілай свайго праціўніка, і тады пераможаш.
3. Чытай кнігі на беларускай мове
Аднаго разу бацькі мяне адправілі (без маёй згоды!) адпачываць у лагер “Зубраня”. Каб мне не было сумна, я ўзяў з сабою кнігу Янкі Купалы. У атрадзе быў высокі-высокі Ваня з Магілёва. Ён любіў пераварочваць дзяцей дагары нагамі, трусіў іх, і што высыпалася (цукеркі, яблыкі, грошы) забіраў. Падыйшоў да мяне, а я чытаў паэму “Магіла льва”. Здзіўленню Вані не было мяжы. Больш Ваня нікога не крыўдзіў, а толькі прасіў мяне расказаць пра Машэку, пасля чаго ўсім хваліўся, што з’яўляецца яго дальнім родзічам.
Заўвага: выбірай для адпачынку кнігі з яркім, дынамічным сюжэтам, каб такія, як Ваня, слухалі твой пераказ, нібы захапляльны баявік.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК
Школьныя парады. Частка першая: як залагодзіць строгіх настаўнікаў