Чорны кот і сінія вослікі
Маленькай я любіла сініх вослікаў і баялася чорных катоў. Вослікі прыходзілі ў снах, нашэптвалі казкі, а я іх карміла пялёсткамі сініх
ружаў. Пра вослікаў склала свой самы першы верш:
Вослікі сінія — фарбы-прыдумкі,
смешныя, смелыя мроі-лятункі.
Вослікі сінія — з Млечнай дарожкі
б’юць капыткамі сінія ножкі.
Чорных катоў баялася, бо пра іх рознае расказваў Мішка з садка:
Чорны кот сябруе з ведзьмамі і чорцікамі.
Праглынеш яго валасінку – перастанеш расці.
Перабяжыць дарогу – трэба яго лавіць і гладзіць, іначай здарыцца бяда.
Аднойчы я гуляла ў двары і пачула: “Вуррр-мяў! Вуррр-мяў!”
Гляджу, а на галінцы – чорны кот, які спявае:
У мяне трубою хвост
і чарнявасць у поўны рост!
Кажуць, чорныя каты
створаны для пекнаты.
Як перабягу дарогу —
будзе шчасця дужа многа!
А як завітаю ў хату —
будзе радасці багата!
– Чаму нас баішся? – муркнуў кот. – Хіба не ведала, мы лепшыя сябры сініх вослікаў. Калі яны танцуюць на Млечнай дарожцы, то заўсёды пільнуем, каб іх не пакрыўдзілі злосныя марсіяне альбо хітрыя нептуняне.
– А Мішка казаў…
– Фррр на яго! Вазьмі мяне з сабой. Вослікі будуць табе расказваць казкі, натхняць на новыя вершы, а я стану аберагаць твой сон і сачыць, каб ніхто не крыўдзіў!
– Вазьмі! Вазьмі! Вазьмі! – раптам з’явіліся сінія вослікі. Яны лёталі, казыталі капыткамі, смяяліся. Я запляскала ў ладкі і… прачнулася. У той жа вечар, пасля таго як я ўгаварыла дзядулю, той майго тату, а тама маму – у маім ложку спала чорнае кацянё, а я чакала новай казкі ад маіх дзівосных сініх сяброў.
Валярына КУСТАВА