Вершы Расціслава Бензярука
Понедельник, 30.10.2017 09:28. Рубрика: Вершы
У грыбах
Ад расы верасы пасівелі.
А ў бары галасы зазвінелі.
Баравік не прывык лезці ў вочы.
Адшукае грыбнік, як ахвочы.
Бегемот і малпы
МАЛПЫ (Бегемоту).
Зноў залёг у глей на дно,
Як гнілое бервяно!
Мы ж прачнуліся ўсе рана,
Каб гайдацца на ліянах.
БЕГЕМОТ (малпам).
Вам бы толькі гулі-ўцехі.
Прэч адсюль! Эх, пустасмехі!
Калыханка для кацянят
Ноч прыйшла, і ціха стала.
Кошка дзетак спаць паклала
І спявала: “Кацяняты,
Ходзіць дзядзька-сон ля хаты,
Хто хутчэй засне ў зацішку,
Той у сне ўбачыць мышку,
А нясплюху-небараку
Напалохае сабака”.
Кошка, спеўшы калыханку,
Дрэмле з дзеткамі да ранку.