Як навучыцца вымаўляць літару Л?
Урокі Бусі
– КЛЛя-кЛЛЛя! Прыгожа гучыць? А ведаеш, зусім маленькім я не ўмеў так выдатна кЛЛЛя-кЛЛЛякаць. У мяне атрымоўвалася
нейкае смешнае: кйя-кйя. Амаль, як качака, праўда? Так мяне і дражнілі. Абзывалі качкабусяй. Што? І цябе дражняць, бо ты “л” не вымаўляеш? Не бяда. Навучу.
Трэніруй свой язык для правільнага вымаўлення!
1. Шырока ўсміхніся, не размыкаючы вусны. Трымай усмешку 10 секунд. Паўтарай так 10-12 разоў кожны дзень.
2. Прыадкрый рот, прасунь кончык языка, сціснуўшы яго вуснамі. Пачынай моцна дзьмуць. Малайчына, калі будзеш гэта рабіць кожны дзень па тры хвіліны.
Памятаеш, калі ты вучыўся вымаўляць “р” я прасіў цябе цокаць, быццам бы конік?
3. Паўтары гэта заданне, але сачы, каб ніжняя сківіца не рухалася. Цокай толькі язычком і ніжняй сківіцай. Спярша рабі гэта хутка і гучна, а затым ціхенька, як быццам конік крадзецца.
4. Уяві, што табе трэба аблізаць вусны ад варэння альбо мёду. Рух языка павінен быць шырокім і па коле.
5. Некалькі разоў у дзень згортвай свой язык у трубачку.
6. І самае складанае практыкаванне. Кончык языка адвядзі ўглыбіню рота. Спінку языка падымі да нёба і цягні гук: “ы”. Гэта зробіць твой язык больш гнуткім.
І дарэчы, для добрага вымаўлення вельмі дапамагае, калі ты што-небудзь цікавае робіш сваімі рукамі: будуеш палацы з кубікаў, выразаеш з кардону, робіш аплікацыі і г.д.
7. І вядома, каб тваё “Л” стала такім жа прыгожым як і ў мяне вывучы гэтыя скарагаворкі:
Ліслівая ліска да ліса ласкавага ласцілася, ласкавы ліс з ліскай ліслівай лісічкамі ў лісці любаваўся.
Ляляндр на Лялю з люка ляпай ляскае,
А Лука лімонамі ў Ляляндра з лялечнага лука лупіць.
Падрыхтаваў Васіль Дранько-Майсюк