Цёзкі
Раніцай Цімох еў яечню, бацька галіўся, а маці пайшла на балкон. Раптам даляцеў яе крык:
– Ратуйце!
Цімох выскачыў з кухні і па дарозе наляцеў на бацьку, які таксама бег на паратунак.
– Толькі збіралася прасціну павесіць, а пчолы як узняліся роем! – голас маці дрыжэў.
– Э-ээ, дык гэта ж чмялі зрабілі гняздо. Бяскрыўдныя істоты, – бацька выцер твар ручніком.
– Зараз жа скідвай іх з балкона. Мяне летась джагнула такая бяскрыўдная істота, дык рука стала як баксёрская пальчатка.
– Цябе хто куснуў? Шэршань. А чмель без дай прычыны не чапае.
Прайшоў час.
Цімох гуляў каля дома, дзе расла канюшына, сачыў, як чмель завіхаўся на чырвонай шышцы, запускаючы ў кветку доўгі хабаток.
– Гэй, каго ты там убачыў? – Цімох пазнаў па голасе Мішку.
Мішка быў страшэнны насмешнік і задавака.
– Не бачыш – чмялёў вывучаю.
– І даўно?
– Ужо два гады. Яны ў мяне на балконе жывуць.
– Чмялі на балконе? Казкі!
– Не верыш?
Ударылі па руках.
– Ну і дзе твая чмяліная пасека? – запытаў Мішка, калі ўвайшлі ў пакой.
– Цішэй… яны не любяць шум, – папярэдзіў Цімох і адкрыў балкон.
Чмялі пагрозліва загулі.
– Зачыняй! – спалохана крыкнуў Мішка.
– Яны мяне не чапаюць, а некаторых задавак і пакусаць могуць. Шкада, так бы чмялінага мёду пакаштаваў. Я яго кожны дзень праз саломінку смакчу.
На падаконнік за шыбай пляснуўся вялікі чмель.
– Цёзка мой, Цімошка!
– Ты што, кожнаму мянушку даў? Як ты іх адрозніваеш?
– Не, толькі гэтага па імені называю. Бо ён самы тоўсты.
Чмель прапоўз па падаконніку, паволі ўзняўся ў паветра.
– За мёдам паляцеў, – летуценна прамовіў Цімох, з усмешкай назіраючы за палётам крылатага таўстуна.
Увага! Перад табою не проста вясёлыя чмялі, а ноты. Гэта славуты твор Мікалая Рымскага-Корсакава “Палёт чмяля”. Будзь уважлівы: сярод чмялёў ёсць пераапранутыя шэршні, закрэслі іх, і тады разам з настаўнікам музыкі смела іграй гэту чароўную мелодыю.